viasna on patreon

Беспрацоўныя актывісты з Гарадоччыны абвясцілі галадоўку

2009 2009-07-01T10:56:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhou.jpg
Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Аляксандр Жыткевіч і Леанід Аўтухоў пайшлі на гэты крок, калі страцілі надзею на працаўладкаванне з дапамогай Цэнтра занятасці.

 

Яны перакананыя, што адмовы ўзяць іх на працу звязаныя з тым, што кіраўнікоў мясцовых арганізацый і ўстаноў папярэджваюць пра іх палітычную “нядобранадзейнасць”.

 

Першым галадоўку абвясціў былы фельчар-стаматолаг Аляксандр Жыткевіч, які займеў праблемы на працы пасля таго, як узяў удзел у мінулай выбарчай кампаніі ў якасці назіральніка.

 

– Мне 24 гады, і я вырашыў паглядзець, што такое выбары знутры, – распавядае хлопец, які з дзесятай гадзіны раніцы 30-га чэрвеня ўжывае толькі ваду. – Зарэгістраваўся незалежным назіральнікам, падтрымліваў кандыдата ў дэпутаты Парламента Леаніда Аўтухова, кіраўніка раённай філіі Партыі БНФ. Да мяне адразу ж прыляпілі мянушку “бээнэфавец”, хаця на той час я быў беспартыйны. І кіраўнік Бычыхінскага ФАПа, дзе я працаваў, мяне папярэдзіў: маўляў, будуць у цябе, хлопец, праблемы. Але я нічога не баяўся, аж пакуль праз два тыдні пасля выбараў у “Кнізе скаргаў” не з’явіўся запіс, што я нібыта браў з пацыентаў незаконнае ўзнагароджанне.

 

Суд пастанавіў на два гады пазбавіць Аляксандра Жыткевіча права займацца прафесійнай дзейнасцю і прысудзіў яму тры гады пазбаўлення волі. Толькі гэтая акалічнасць змусіла хлопца праводзіць галадоўку дома – ён не мае права пакідаць свае жытло больш як на дзве гадзіны ў суткі.

 

– Інакш я галадаваў бы ў Гарадку каля райвыканкама, – працягвае спадар Жыткевіч. – Бо за тры тыдні я атрымаў чатыры адмовы ад кіраўнікой сельгаспрадпрыемстваў, куды прасіўся хоць бы на самую нізкакваліфікаваную працу. Я гатовы стаць і пастухом, абы толькі зарабляць хоць нейкія грошы! Бо я сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце, і як толькі пачаў працаваць, узяў у банку крэдыты на самае неабходнае – мэблю, лядоўню… У мяне ж ніколі нічога свайго не было! І вось цяпер я вінны і “Беларусбанку”, і за кватэру, і за ацяпленне. А ў кашальку – толькі 120 рублёў! Так што ў мяне засталася альтэрнатыва: або абвясціць галадоўку пратэсту, бо есці ўсё роўна няма чаго, або адразу скончыць жыццё самагубствам.

 

Крымінальны пераслед, прысуд і тое, што цяпер яго не бяруць на працу, Аляксандр Жыткевіч тлумачыць адной прычынай: у прыватнай размове адзін з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства прызнаўся хлопцу, што не возьме яго ў штат не таму, што ён “крымінальнік”, а таму што “апазіцыянер”.

 

У падобнай сітуацыі апынуўся і Леанід Аўтухоў, кіраўнік раённай філіі Партыі БНФ, які далучыўся да галадоўкі 30 чэрвеня па абедзе.

 

– Я проста абавязаны падтрымаць Жыткевіча, бо гэты хлопец дапамагаў мне на выбарах. Вядома, апазіцыянераў у Парламент не ўзялі, я застаўся ў Гарадку, але Аляксандр не забаяўся таго, што яго сталі лічыць “бээнэфаўцам” і насамрэч падаў заяву на ўступленне ў нашу партыю. Ягоны пратэст супраць пазбаўлення права на працу я таксама цалкам падзяляю: сам спрабаваў уладкавацца ў розныя месцы сем разоў. Выходзіла так: пакуль даязджаю з Цэнтра занятасці да прадпрыемства, вакансіі аказваюцца занятымі. Спачатку думаў, што гэта супадзенне, але потым зразумеў: не, гэта сістэма!

 

Пра пачатак галадоўкі Аляксандр Жыткевіч напісаў у раённы Цэнтр занятасці, а Леанід Аўтухоў пакінуў запіс у кнізе скаргаў Гарадоцкага райвыканкама пра тое, што Цэнтр занятасці не можа гарантаваць яму працаўладкавання, бо чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў дзейнічаюць у змове.

 

Зараз на балконе кватэры Аляксандра Жаткевіча ў вёсцы Быкі, дзе сабраліся галадаваць апазацыянэры, прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг і плакат “Галадоўка”. Удзельнікі акцыі пратэсту лічаць, што пра яе павінны ведаць людзі, інакш праблемы з працаўладкаваннем так і застануцца нявырашанымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства