viasna on patreon

“Freedom House”: у Беларусі па-ранейшаму аўтарытарны рэжым

2009 2009-07-01T09:27:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freedom_house.jpg

30 чэрвеня “Freedom House”, — амэрыканская недзяржаўная арганізацыя, якая падтрымлівае разьвіцьцё дэмакратыі і чалавечых правоў у сьвеце, — апублікавала штогадовы даклад пра стан дэмакратычных свабодаў у “пераходных дзяржавах” сьвету (“Nations in Transit 2008”).

Паводле "Freedom House", ажно восем постсавецкіх краінаў (рэкордны лік у досьледах гэтай арганізацыі, якія праводзяцца ўжо 13 гадоў) можна клясыфікаваць як "кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы" (consolidated authoritarian regimes): Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркмэністан, Расея, Узбэкістан.

“Freedom House” ацэньвае дэмакратычныя свабоды ў дадзенай краіне паводле шкалы ад 1 (найвышэйшая ступень разьвіцьця) да 7 (найніжэйшая). Выніковая ацэнка зьяўляецца кансэнсусам паміж экспэртамі “Freedom House”, акадэмічнымі дараднікамі гэтай арганізацыі і аўтарамі адмысловых палітычных дакладаў па паасобных краінах.

Агульная ацэнка стану дэмакратычных свабодаў у Беларусі ў 2008 годзе — 6,57. Гэта крыху лепей, чым у чатырох папярэдніх гадах, але не настолькі лепей, каб пазбавіць краіны ацэнкі "кансалідаванага аўтарытарызму".

Беларусь традыцыйна апынаецца на самым нізе ў гэтай ацэнцы сямі парамэтраў дэмакратычнага разьвіцьця, да якіх належаць: выбарчы працэс (6,75 для Беларусі ў 2008), грамадзянская супольнасьць (6,25), незалежнасьць сродкаў масавай інфармацыі (6,75), дэмакратычнасьць кіраваньня дзяржавай (6,75), мясцовае самакіраваньне (6,75), незалежнасьць судовай улады (6,75), узровень карупцыі (6,00).

Агулам, у сьпісе "Freedom House" 29 дзяржаваў (у гэтым годзе ўпершыню ў досьлед "Freedom House" патрапіла Косава).

Паводле "Freedom House", разрыў паміж узроўнем дэмакратычных свабодаў у аўтакратычных краінах былога Савецкага Саюзу і дэмакратычных краінах Усходняй Эўропы у 2008 годзе значна пашырыўся.

"Freedom House" робіць дзьве асноўныя высновы ў сваім досьледзе палітычных працэсаў у краінах Усходняй Эўропы і Эўразіі ў 2008.

Па-першае, новыя сябры Эўразьвязу з Усходняй Эўропы перажывалі стагнацыю, што тычыцца далейшых рэформаў у бок дэмакратыі, а некаторыя зь іх зрабілі нават крок назад у сваім дэмакратычным разьвіцьці.

Па-другое, аўтарытарныя сыстэмы ўлады ў постсавецкіх краінах (за выняткам балтыйскіх краінаў) працягвалі разьвівацца ў бок яшчэ большага аўтарытарызму і зьмяншэньня дэмакратыі.

Для параўнаньня, агульная ацэнка дэмакратычных свабодаў у некаторых іншых краінах, уключаных у досьлед "Freedom House": Чэхія (2,18), Эстонія (1,93), Літва (2,29), Малдова (5,07), Польшча (2,25), Украіна (4,39).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства