viasna on patreon

Іван Шыла: Мяне пасадзілі ў адзіночную камеру тры на тры метры

2009 2009-06-29T20:06:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Гвалтоўна прызваны ў армію моладзевы актывіст Іван Шыла адбыў тыднёвае пакаранне на гаўпвахце.

Нагадаем, што Івана Шылу жорстка пакаралі за выкарыстанне мабільнага тэлефона. Актывіст «Маладога Фронту» адбываў пакаранне на гаўпвахце з 19 па 26 чэрвеня.

«Акрэсціна - гэта курорт у параўнанні з «губой», -- кажа Іван Шыла. -- Мяне пасадзілі ў адзіночную камеру тры на тры метры. Людзей я бачыў максімум пяць - дзесяць хвілін у суткі, калі прыносілі ежу ці вадзілі ў прыбіральню. Днём ляжаць нельга, трэба ўвесь час сядзець, хадзіць ці стаяць. Нават адціскацца забаронена. Натуральна, што забароненыя кнігі, газеты. Няма коўдры. Каб хоць чымсьці сябе заняць, лічыў да дзесяці тысячаў. Таму што ўсе думкі круціліся вакол вызвалення, а час ішоў занадта павольна».

Іван Шыла распавядае, што гэта ледзь не першы выпадак у яго ваеннай часткі, калі за мабільны тэлефон саджаюць на гаўпвахту. Як правіла, абмяжоўваюцца папярэджаннем і забіраюць тэлефон. «Пакаранне не адпавядае парушэнню», -- кажа моладзевы актывіст.

Хутчэй за ўсё, што дэмбель для Івана Шылы цяпер адкладзецца на сем дзён. 29 чэрвеня - роўна пяць месяцаў, як Шыла служыць у арміі.

Нагадаем, Іван Шыла быў выключаны са школы ў чэрвені мінулага года перад апошнім іспытам. Афіцыйная матывіроўка — неаднаразовае парушэнне ўнутранага распарадку навучальнай установы, які забараняе вучням удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях. Пасля адлічэння Шылы дырэктарка школы ў знак салідарнасці звольнілася з працы.

Праз паўгады Шылу гвалтоўна забралі ў армію. Ён служыць у войсках супрацьпаветранай абароны ў Межыцы, пад Лепелем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства