Эмануіл Зэльцэр прыпыніў галадоўку да 30 чэрвеня
Пра гэта паведаміў адкават Зьміцер Гарачка. Ён ўдакладніў, што галадоўка прыпыненая да 30 чэрвеня. Адвакат адмовіўся камэнтаваць прычыны такога рашэньня.
Зьняволены ў магілёўскай калёніі грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр галадаў ад 8 чэрвеня. Такім чынам ён пратэставаў супраць дзеяньняў Менскага гарадзкога суду, якія не прадстаўляў адміністрацыі калёніі дакумэнты, якія неабходныя для разгляду пытаньня пра амністыю, перадае БелаПАН.
Эмануіл Зэльцэр падпадае пад амністыю, абвешчаную ў сувязі з гадавінай вызваленьня Беларусі.
23 чэрвеня Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч выказаў меркаваньне, што разгляд справы пра амністыю Э.Зэльцэра зацягнуўся. “Мы праверым, чаму зацягваецца разгляд справы”, — паабяцаў Васілевіч.
Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны ў сакавіку 2008 году і праз 5 месяцаў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў. Асуджаная разам з Зэльцэрам ягоная сакратарка Ўладлена Функ (Брускова), якая атрымала год турмы, у сакавіку 2009 году вышла на волю.
Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Барыс Беразоўскі адмаўляе сваю датычнасьць да гэтай справы.