У Наваполацку суд не задаволіў пазоў актывіста да супрацоўнікаў ГАУС
23 чэрвеня ў Наваполацку суд разглядаў пазоў грамадскага актывіста Антона Ясіновіча аб кампенсацыі маральнага урону за неправапраўныя дзеянні супрацоўнікаў ГАУС. Незаконнасць дзеянняў міліцыянераў пасля шматлікіх скаргаў пацвердзіла пракуратура Віцебскай вобласці. Аднак суд адмовіў у задавальненні пазову, прызнаўшы дзеянні супрацоўнікаў ГАУС абгрунтаванымі.
Антон Ясіновіч скардзіўся на супрацоўнікаў міліцыі за незаконнае затрыманне падчас адной з акцыяў.
У Наваполацку 14 верасня 2007 году перад пачаткам меркаванага велапрабегу “Свабоду Казуліну!” да ўдзельнікаў акцыі, што сабраліся ў цэнтры гораду, пад’ехалі міліцыянеры і людзі ў цывільным і заявілі, што паколькі на роварах няма рэгістрацыйных нумароў, яны іх рэквізуюць.
Тады Разам з Ясіновічам у пастарунак забралі Юрыя Бельскага, Ігара Сухарукава, Валерыя Шаўчэнку і Альберта Маркава. Затрыманне супрацоўнікі ГАУС патлумачылі правядзеннем аператыўнай праверкі па факту крадзяжу ровараў. Антона Ясіновіча дапыталі таксама па факту крадзяжу нумарных знакаў аўтамабіля «Рэно».
Затрыманыя правялі ў пастарунку больш за 3 гадзіны. У дачыненні да іх начальнік ГАУС вынес афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці правядзення масавых мерапрыемстваў.
Пасля шматлікіх скаргаў Антона Ясіновіча Пракуратура Віцебскай вобласці ў афіцыйным адказе пацвердзіла незаконнасць і неабгрунтаванасць вынесенага яму папярэджання. Па выніках прадстаўлення пракуратуры праз 4 месяцы гэтае папярэджанне з грамадскага актывіста было знятае.
На падставе адказа пракуратуры сп. Ясіновіч А.К. 23 снежня 2008 году падаў пазоў аб кампенсацыі маральнага ўрону за неправапраўныя дзеянні супрацоўнікаў ГАУС. Працэс па грамадзянскай скарзе цягнуўся паўгады, бо спачатку на яго не з’яўляліся міліцыянеры, пасля яны адмаўлялі сам факт затрымання і вынясення пісьмовага афіцыйнага папярэджання (маўляў, яно нідзе не зарэгістраванае).
Нарэшце, 23 чэрвеня 2009 году пасля запыта ў пракуратуру Віцебскай вобласці аб накіраванні матэрыялаў праверкі у суд, адбылося судовае паседжанне па справе.
Пасля агалошвання матэрыялаў праверкі, дзе адзначалася неправамернасць вынесенага папярэджання, суд адмовіў у кампенсацыі маральнага ўрону па прычыне законнасці і абгрунтаванасці дзеянняў супрацоўнікаў ГАУС.