viasna on patreon

Рэдактар «Вольнага Глыбокага» атрымаў папярэджанне ад райвыканкама

2009 2009-06-24T13:13:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volnaje_glybokaje.jpg

Фармальнай прычынай для выкліку на пасяджэнне Глыбоцкага райвыканкама ўладальніка і рэдактара недзяржаўнага выдання Уладзіміра Скрабатуна стала скарга, дасланая жыхаром горада.

 

Як распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ У. Скрабатун, у выканкам 23 чэрвеня яго выклікалі як кіраўніка прадпрыемства, у дзейнасці якога заўважаныя парушэнні. Справа ў тым, што выданне газеты «Вольнае Глыбокае» – сямейны бізнес Скрабатуноў, а сп-р Уладзімір аформлены пры мясцовым выканкаме ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

 

Нагодай папярэджання за парушэнне прадпрымальніцкай дзейнасці стала тое, што дачка У. Скрабатуна Надзея, якая прадае газету на гарадскім рынку, адмовілася даць пакупніку Кнігу скаргаў і прапаноў.

 

На думку выдаўца «ВГ», адмова была не беспадстаўнай: Надзея Скрабатун заўважыла, што на працягу некалькіх месяцаў адзін пакупнік — актывіст глыбоцкай арганізацыі БРСМ — перыядычна набывае ў яе газету, а праз некалькі гадзін прыносіць яе назад і патрабуе вярнуць грошы, тлумачачы, што такі самы нумар ужо набыла яго жонка.

 

Калі сітуацыя паўтарылася некалькі разоў, у распаўсюдніцы з’явілася падазрэнне, што чалавек проста прачытвае набыты нумар газеты, а потым спрабуе вярнуць выплачаныя за яго грошы. Таму аднойчы дзяўчына адмовілася прыняць назад прададзеную газету, патлумачыўшы пакупніку, што, напрыклад, і ў шапіку «Белсаюздруку» не возьмуць назад прададзенае выданне. Эмоцыі ўзялі верх, і Кнігу скаргаў ды прапаноў пакупнік таксама не атрымаў.

 

Адразу пасля гэтага інцыдэнту ўладальнік «Вольнага Глыбокага» напісаў ліст на імя намесніка старшыні райвыканкама В. Пяткевіча, дзе згадаў, што за 15 год існавання газеты ніхто не скардзіўся на нетактоўнасць у дачыненні да пакупнікоў. Але гэтае тлумачэнне не займела выніку, і папярэджанне ўсё ж было вынесенае.

 

Уладзімір Скрабатун не выключае, што правакацыйныя паводзіны мясцовага жыхара маюць пад сабой пэўную палітычную мэту – некалькі падобных скаргаў могуць прывесці да скасавання дазволу на прадпрымальніцкую дзейнасць. У такім выпадку ён будзе пазбаўлены магчымасці выдаваць газету, якая на сённяшні дзень засталася апошнім незалежным выданнем на ўсю Віцебскую вобласць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства