Памер дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі – 16 даляраў
Нават па афіцыйных дадзеных, вымушаная няпоўная занятасць у Беларусі ў студзені-красавіку павялічылася ў 4 разы.
У Беларусі ў студзені-красавіку 2009 года 233,5 тыс. працаўнікоў арганізацый, што складае 6,6% ад сярэднемесяцовай колькасці, працавалі ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці (у студзені-красавіку 2008 года дадзены паказчык складаў 1,6%), паведамляе Белстат. У параўнанні са студзенем-красавіком мінулага года колькасць працуючых у рэжыме няпоўнай занятасці павялічылася больш чым у 4 разы.
У красавіку ў параўнанні з сакавіком колькасць працаўнікоў, пераведзеных на працу з няпоўным працоўным тыднем, павялічылася на 15,8% і склала 75,6 тыс. чалавек. Усяго па выніках студзеня-красавіка з няпоўным працоўным тыднем працавала 125,1 тыс. чалавек (супраць 32 тыс. у студзені-красавіку 2008 года).
Колькасць працаўнікоў, якім былі прадстаўленыя адпачынкі па ініцыятыве наймальніка, павялічылася ў красавіку на 1% у параўнанні з сакавіком і склала 51,2 тыс. чалавек. Пры гэтым у адпачынкі без захавання заработнай платы былі адпраўленыя 28,1 тыс. чалавек. Усяго ў студзені-красавіку 2009 года ў адпачынкі па ініцыятыве наймальніка было адпраўлена 108,4 тыс. чалавек (супраць 24,6 тыс. у студзені-красавіку 2008 года).
Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных на канец мая 2009 г. склала 43,2 тыс. чалавек, што на 1,7% менш, чым у красавіку 2009 г. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.
У студзені-маі 2009 г. на ўлік было пастаўлена 132,1 тыс. грамадзян, якія звярнуліся за дапамогай у працаўладкаванні, з іх прызнана беспрацоўнымі 90,3 тыс. чалавек (68,3% ад колькасці тых, хто звярнуўся). Працаўладкавана за студзень-май бягучага года 70 тыс. чалавек, у тым ліку 52,4 тыс. беспрацоўных.
На грамадскія працы ў студзені-траўні 2009 г. было прыцягнута 37,4 тыс. чалавек, з іх 23,3 тыс. беспрацоўных.
Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі склаў 46,5 тыс. рублёў (16,4 даляра ЗША).