viasna on patreon

Адбудаваная царква Сьв. Духа стане філярмоніяй

2009 2009-06-17T17:28:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Група сьвецкіх уніятаў атрымала адмоўны адказ ад менскіх уладаў на просьбу дазволіць грэка-каталікам аднавіць зруйнаваную ў 30-х гадох царкву Сьвятога Духа. Царква была пабудаваная ў 1598 годзе мітрапалітам Міхаілам Рагозам і з самага пачатку належала ўніятам.

У адказе ўладаў паведамляецца, што вяртаньне будынку вернікам не магчымае. Будынак мае быць адбудаваны па ўзору царквы Сьвятога Духа, але ў ім плянуецца адкрыцьцё дзіцячай філярмоніі. „Прыняцьцё такога рашэньня спрыяе адраджэньню поўнага градабудаўнічага ансамблю галоўнай гістарычнай плошчы Менска – плошчы Свабоды,” – чытаем у лісьце.

Сьвецкія каталікі не задаволеныя адказам уладаў. Яны схільныя меркаваць, што грэка-каталіцкая супольнасьць Менску й усёй Беларусі дыскрымінуецца.

Адзін з аўтараў звароту прафэсар Юры Хадыка кажа, што яны чакалі такога адказу. Пры гэтым ён бачыць станоўчыя моманты.

Ю. Хадыка: Праўду кажучы, мы чакалі такога адказу. Колькасьць грэка-католікаў у Менску нязначная, толькі 4 прыходу ў нас ёсьць у горадзе. Затраты, патрэбныя на аднаўленьне гэтага будынку, вялікія. Таму мы слаба спадзяваліся на станоўчы адказ з боку Менгарвыканкаму.

З тэксту я аднак зрабіў наступны вынік: крыху памяняўся падыход уладаў да ўніятаў. Калі раней гэта было варожае стаўленьне з боку менскіх уладаў, то цяпер нават даючы адмоўны адказ, яны выбіраюць больш цывілізаваныя мэтады.

Інфармацыя пра тое, што адбудаваны будынак будзе выкарыстоўвацца ў якасьці дзіцячай філярмоніі пакідае нам шанец працягваць кампанію па атрыманьні дазволу на афіцыйную дзейнасьць грэка-каталіцкіх супольнасьцяў у Менску, да вяртаньня нашай гістарычнай спадчыны. У Беларусі ёсьць такая практыка, напрыклад, касьцёл на Залатой Горцы часта выкарыстоўваецца як камэрная заля.

Ці вам залежыць толькі на месцы былой царквы Сьвятога Духа, ці такама гаворка ідзе пра нейкую іншую магчымасьць, іншае месца.

Ю. Хадыка: Мы маем на ўвазе зруйнаваную ў 30-х гадах царкву Сьвятога Духа, якая заўсёды належыла ўніятам. Менавіта яе ўлады хочуць адбудаваць. Тое, што менскім вернікам патрэбная царква ў сталіцы, гэта відавочна. Мы будзем працягваць змаганьне, але ўжо не такімі агульнымі высілкамі. Захады аднак зьвязаныя з выдаткамі. У нас няма такіх багатых патронаў, як у праваслаўнай ці каталіцкай цэркваў.

Аднак у звароце было зазначана, што вы не патрабуеце, каб дзяржава адбудавала храм, але намерваецеся зрабіць гэта сваімі сіламі.

Ю. Хадыка: Мы казалі пра такі намер няведаючы, што прынята рашэньне аб аднаўленьні будынку. А мы маем поўнае права на яго атрыманьне. У 30-я гады храм разбурыла дзяржава й па справядлівасьці дзяржава павінна яго аднавіць.

Ці гэта ініцыятыва выключна сьвецкіх уніятаў, ці ёсьць падтрымка духавенства?

Ю. Хадыка: Гэта ініцыятыва выключна прыхажан. Мы не раіліся, бо справа мае адценьне дастаткова далікатнае ў адносінах з уладай. Мы не хацелі да гэтай справы прыцягваць сьвятароў.

Акрамя Юрыя Хадыкі пад лістом падпісаліся, між іншым, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, паэтэса Валянціна Аксак, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая.

Царква менскім грэка-каталікам сапраўды прыдалася б. На чатыры парафіі фактычна ёсьць толькі адно месца, дзе ўлады дазволілі ўніятам маліцца – гэта капліца ў цэнтры Сьвятога Язэпа па вуліцы Арджанікідзэ. Менскія ўлады далі дазвол перад візытам дзяржаскаратара Ватыкану кардынала Тарчызыё Бэртонэ ў мінулым годзе. Грэка-каталікі маюць яшчэ адно падрыхтаванае месца на малітоўныя сустрэчы ў памяшканьні на завулку Сьнежны. Аднак улады не сьпяшаюцца даваць дазвол.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства