Палітыкі выказаліся наконт правоў чалавека ў Беларусі
Сёння адзначаўся Дзень беларускай салідарнасці. З гэтай нагоды вядомыя ў краіне палітычныя дзеячы агучылі зварот, што да сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі.
Сярод тых, хто падпісаў дакумент, - экс-кандыдат у прэзідэнты, прафесар Аляксандпр Казулін, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, былы спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч, а таксама экс-намеснік міністра замежных справаў, каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і каардынатар “Еўрапейскае кааліцыі” Мікалай Статкевіч.
“У Беларусі па-ранейшаму цалкам адсутнічае сістэма прававой абароныі грамадзян ад пераследу за палітычныя, рэлігійныя і іншыя перакананні, не выконваюцца найважнейшыя абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай сферы дзяржавай: у любы час асоба можа зрабіцца ахвяраю неабгрунтаваных брутальных дзеянняў з боку міліцыі і спецыяльных сіл, не мае шансаў на аб’ектыўны і справядлівы суд, магчымасцяў нармальнага працаўладкавання альбо вучобы на тэрыторыі краіны, калі ўлада лічыць гэтую асобу сваім палітычным праціўнікам”, - адзначыў, агучваючы дакумент, лідэр ПБНФ Лявон Баршчэўскі.
Па словах палітыка, афіцыйныя ўлады Беларусі хаваюць сапраўднае становішча з правамі чалавека ў краіне – педад усім у кантактах з Еўразвязам. Такая сітуацыя, сцвярджаюць аўтары звароту, абсалютна ненармальная: яна патрабуе неадкладных карэнных змен.
Аляксандр Казулін нагадаў, што мінула ўжо два месяцы, як былы прадпрымальнік з Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту ў сталічным следчым ізалятары.
“Гэтая галадоўка можа прывесці да таго, што Аўтуховіч скончыць сваё жыццё, - адзначыў былы кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду. – Але ніякіх заяваў ні з боку дыпламатаў, ні з боку Еўразвязу няма. Аднак маўчаць у гэтай сітуацыі папросту немагчыма. Тое ж самае тычыцца і новага прысуда фігуранту “Працэсу чатырнаццаці” Максіму Дашуку. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады не зрабілі ніякіх высноў, яны працягваюць ужываць звыклыя метады свайго палітычнага кіравання краінай праз ужыванне сілы”.
Аляксандр Казулін нагадаў пра тое, што ў Беларусі рыхтуецца закон, які дасць магчымасць МУС, КДБ і Камітэту дзяржаўнага кантролю праводзіць арышты грамадзян без санкцыі пракурора, што таксама ёсць істотным парушэннем правоў чалавека. “Праз гэта ўлады рыхтуюцца вырашаць эканамічныя праблемы сілавымі метадамі”, - зрабіў выснову палітык.
Па словах каардынатара “Еўрапейскай кааліцыі” Мікалая Статкевіча, “зараз рэжым імкнецца зымітаваць нейкую дэмакратызацыю”. “Але насамрэч, тыя касметычныя дзеянні, якія ён праводзіць, не кранаюць яго аснову. Улады нават не дазваляюць сабе выпусціць усіх палітвязняў, бо гэта знізіць узровень страху ў грамадстве”, - падкрэсліў Мікалай Статкевіч.
Як мяркуе каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў, у краіне ёсць дабраахвоты, якія спрабуюць інтэрпрэтаваць узніклы цяпер расійска-беларускі канфлікт як паварот Аляксандра Лукашэнкі на Захад. “І мы ўжо бачым некаторыя каментары з Захаду, што сяброўства, супрацоўніцтва з Лукашэнкам дае нейкі плён, але ж з нядаўніх інтэрв’ю Лукашэнкі мы шмат чаго давелаліся. Напрыклад, з інтэрв’ю (Аляксандра Лукашэнкі – аўт.) расійскай газеце “Завтра” мы даведаліся, што былі забітыя нашы сябры і калегі; з інтэрв’ю Уладлены Функ мы даведаліся пра тое, што насамрэч адбываецца ў беларускіх турмах. Мы, канешне, ведалі пра гэта і раней, але дасёння не было такіх сведчанняў з боку заходніх грамадзян. І зараз мы звяртаемся да еўрапейскай супольнасці, да журналістаў, каб акцэнтаваць увагу на праблеме правоў чалавека ў Беларусі”, - заявіў Андрэй Саннікаў.
Прысутныя журналісты ўзнялі і пытанне верагоднасці аб’яднання беларускай апазіцыі ва ўмовах новых пагрозаў і напярэдадні чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. “У мяне такое ўражанне, што пэўныя журналісты і пэўныя дзеячы хацелі б вельмі моцнага аб’яднання дэмакратычных сілаў. Але пры гэтым дэмакратычныя сілы перастануць быць дэмакратычнымі, - заявіў Станіслаў Шушкевіч. – Яны проста прадэманструюць, што, як у стане вайны, захочуць мець нейкага дыктатара над сабою, і тады яны фармальна будуць аб’яднанымі. Я за тое аб’яднанне, якое пашырае кола ўдзельнікаў дэмакратычнага працэсу. Мы перажылі шэраг аб’яднанняў, пасля чаго партыі перасталі ў іх удзельнічаць, таму што рэальнага пашырэння няма. Ёсць толькі перамяшчэнні ўнутры тусоўкі. І гэты зварот ёсць платформай для ўсіх дэмакратычных сіл, які мы абмеркавалі і падпісалі, і калі нехта не пагаджаецца з падпісаннем дакументаў з канстатацыяй рэальнай сітуацыі, то трэба задаваць пытанні тым, хто не пагаджаецца гэта падпісваць”.
Вяртаючыся да актуальнай сітуацыі ў беларуска-расійскіх дачыненнях, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі агучыў свой зварот як кіраўніка палітычнай структуры, к якім назваў усё, што адбываецца ў апошнія месяцы, “пахавальным звонам” па “саюзнай дзяржаве”.
“Аб’яднаная Еўропа магла б ясна заявіць аб сваёй гатоўнасці інстытуцыянальна двапамагчы Беларусі – і фінансава, і допускам беларускіх тавараў на свае рынкі – пры ўмове неадкладных захадаў улады дзеля дэмакратызацыі краіны, празрыстасці прыняцця палітычных і эканамічных рашэнняў”, - падкрэсліў Лявон Башчэўскі. Апроч таго, старшыня Партыі БНФ выказаўся рашуча супраць удзелу беларускага войска ў любых вайсковых блоках, кантраляваных Расіяй, асабліва КСАР АБЛБ , якія “могуць стаць амонам постсавецкай таталітарнай прасторы”.