179 турфірмаў пазбаўленыя ліцэнзіяў на турыстычную дзейнасьць
Міністэрства спорту і турызму абвясьціла, што 179 турфірмаў і прыватных асобаў, якія аказвалі турыстычныя паслугі, цяпер пазбаўленыя такой магчымасьці. Асноўнай прэтэнзіяй да ўсіх стала тое, што гэтыя кампаніі так і ня здолелі знайсьці сабе за межамі Беларусі партнэраў, якія ўзяліся б арганізаваць дастаўку турыстаў у Беларусь, паведаміла Радыё Свабода.
Згодна з даручэньнем Аляксандра Лукашэнкі, Савет міністраў яшчэ ўвесну прыняў рашэньне: усе турыстычныя кампаніі павінны займацца ня толькі выязным, але і ўязным турызмам, таму агенцтвы і індывідуальныя прадпрымальнікі мусілі яшчэ да 1 верасьня атрымаць новыя ліцэнзіі. Зараз абвешчаныя канчатковыя вынікі пераліцэнзаваньня.
Такім чынам, амаль ад сямі сотняў турфірмаў 179, па вэрсіі чыноўнікаў, паказалі сваю няздатнасьць працаваць у новых умовах.
Паказальна, што пэўная частка турфірмаў нават не зьбіралася спакушаць лёс працэдурай пераліцэнзаваньня. Паводле дадзеных на канец жніўня, толькі 400 ад 650 зарэгістраваных у Беларусі турапэратараў накіравалі ў галіновае міністэрства дакумэнты, неабходныя для атрыманьня новых ліцэнзій.
Кіраўнік Нацыянальнага агенцтва турызму Чэслаў Шульга лічыць, што стопрацэнтнае супадзеньне ў гэтым выпадку зусім не абавязковае: проста ранейшую колькасьць мусіць кампэнсаваць “высокая якасьць паслугаў”.