Заснавальнікі “Нашай Вясны” абскардзілі рашэнне мінюста аб нерэгістрацыі аб’яднання ў Вярхоўным судзе
16 чэрвеня заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” (ГПА) Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч звярнуліся ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь са скаргай на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі.
У сваёй скарзе праваабаронцы адзначаюць, што падставы для нерэгістрацыі “Нашай Вясны” не грунтуюцца на законе, носяць дыскрымінацыйны характар і парушаюць правы і законныя інтарэсы заснавальнікаў грамадскага аб’яднання.
Заснавальнікі ГПА просяць Вярхоўны суд:
1. адмяніць рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 25.05.2009 г. аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”;
2. абавязаць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь правесці дзяржаўную рэгістрацыю Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”;
3. у працэсе падрыхтоўкі да судовага разгляду па сутнасці абавязаць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прадаставіць пярэчанне на скаргу, дзе, з прадастаўленнем доказаў па кожнай падставе, аргументаваць адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі, якая адлюстравана ў лісце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 25.05.2009г. за №06-14\381.
Нагадаем, што 25 траўня мінюст прыняў рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”. Гэта была трэцяя спроба праваабаронцаў зарэгістраваць аб’яднанне. Раней мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Папярэдняя адмова ў рэгістрацыі, атрыманая 26 лютага бягучага году, была абскарджана ў Вярхоўным судзе. 22 красавіка Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення гэтую скаргу праваабаронцаў.