Незалежныя структуры Беларусі і Азербайджана дамовіліся супрацоўнічаць
Падпісаньне міжпартыйнага пагадненьня аб супрацоўніцтве стала адным з галоўных вынікаў міжнароднай канфэрэнцыі пад назвай “Беларусь і Азэрбайджан на другім этапе карэнных дэмакратычных пераўтварэньняў на постсавецкай прасторы”, якая прайшла 17 верасьня ў Баку, паведаміла радыё Свабода.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю ў Баку, упэўнены, што, нягледзячы на вялікую адлегласьць, Азэрбайджан і Беларусь маюць шмат супольнага: “Падобнае тое, што і тут, і там існуюць дыктатарскія рэжымы. І тут, і там вельмі вялікае значэньне мае фактар Расеі. Напрыклад, і ў Беларусі, і ў Азэрбайджане ёсьць расейскія радыёлякацыйныя станцыі. Ёсьць вельмі сур’ёзны ўплыў Расеі на ўнутрыпалітычную сытуацыю”.
Прадстаўнікі партыі БНФ і партыі “Мусават” дамовіліся каардынаваць сваю дзейнасьць адносна згаданых расейскіх радыёлякацыйных станцыяў, а таксама супольна прэзэнтаваць Беларусь і Азэрбайджан у некаторых міжнародных структурах.
У лістападзе ў Азэрбайджане пройдуць парлямэнцкія выбары, на якія мясцовыя дэмакраты маюць вельмі вялікія спадзяваньні. Яны хочуць мабілізаваць народ на адстойваньне сапраўдных вынікаў выбараў.