viasna on patreon

Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначыла юбілей

2005 2005-09-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 гадоў таму, 16 верасьня 1995 году, у Доме літаратараў у Менску адбыўся ўстаноўчы сход Грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Сузаснавальнікамі БАЖ былі 38 чалавек. Цяпер гэтая журналісцкая арганізацыя аб’ядноўвае каля тысячы сябраў.

“Мы дзесяць гадоў разам. Ідзём адным шляхам. Жывём надзеяй на перамены. Каб яны адбыліся, нам варта і надалей трымацца разам” — з такім дэвізам сустрэў БАЖ свае дзясятыя ўгодкі.

Тацяна Мельнічук, адна з заснавальніц БАЖ і яе віцэ-прэзыдэнт, распавяла Радыё Свабодзе: “Гэта, бадай што, адзіная арганізацыя, якая не паразгубіла сваіх сяброў, якая за гэты час, нялёгкі для недзяржаўных арганізацыяў, узмацнілася нават колькасна. Па-другое, мы маем вельмі дзейсную юрыдычную службу, таму што, на жаль, у цяперашнім нашым грамадзтве прэса ўспрымаецца ня тое што як не чацьвертая ўлада, а як першы вораг улады”.

Дырэктар Расейскага інстытуту абароны правоў чалавека Валянцін Гефтэр адзначае ў першую чаргу высокі грамадзянскі і прафэсійны ўзровень сябраў БАЖ: “Мы віншуем БАЖ, дзе працуе ня толькі шмат журналістаў, але і юрыстаў, праваабаронцаў, зь якімі разам мы многія праблемы вырашаем. І ня толькі беларускіх СМІ, але і агульныя на постсавецкай прасторы, разам абмяркоўваем, часьцяком абураемся, а часьцяком прапаноўвалі канструктыўныя і карысныя пачынаньні. Асацыяцыю вызначае высокі і прафэсійны, і грамадзянскі ўзровень. Так трымаць і надалей! Я спадзяюся, БАЖ будзе яшчэ доўга-доўга жыць і дапамагаць журналістам”.

Гаворачы пра асаблівасьці і складанасьці ўмоў журналісцкай працы, Тацяна Мельнічук звярнула ўвагу на тое, што нягледзячы на міжнароднае прызнаньне, прэміі, хацелася б, каб беларускіх журналістаў узнагароджвалі такімі пачэснымі міжнароднымі журналісцкімі сымбалямі не як барацьбітоў, а як сапраўдных прафэсіяналаў: “На жаль, у прафэсіяналізьме, менавіта ў журналістыцы, наша прафесія цяпер вельмі губляе з-за таго, што ў грамадзтве неналежнае стаўленьне да свабоды слова”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства