Другая галадоўка Сяргея Скрабца доўжыцца ўжо тыдзень
Вядомы апазыцыйны палітык, кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня па-ранейшаму працягвае галадаваць у Менскім ізалятары часовага ўтрыманьня, так званай "Валадарцы". Пачынаючы з 10 верасьня, Сяргей Скрабец трымае другую галадоўку. Яна, як і папярэдняя, накіраваная на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў, якія, на думку экс-парлямэнтара, незаконна трымаюць яго за кратамі, паведаміла радыё Свабода.
Родныя Сяргея Скрабца занепакоеныя тым, што ён вырашыў другі раз абвесьціць галадоўку. Але немагчымасьць іншым спосабам прыцягнуць увагу да сваёй справы вымушае Сяргея Скрабца паўторна абвесьціць галадоўку. Пра гэта ён напісаў з-за кратаў свайму малодшаму брату Аляксандру, які афіцыйна праходзіць як саўдзельнік агульнай справы.
Скрабец-малодшы гаворыць, што ён вельмі зьдзіўлены, паколькі Сяргею прад'явілі абвінавачваньні аж па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, а яму – толькі па адным:
"Я скажу, што я нават і больш вінаваты, таму што я візіраваў дакумэнты. Сяргей у гэты час працаваў у Палаце прадстаўнікоў, а камэрцыйнымі пытаньнямі займаўся я. Зразумела, што галоўным абвінавачаным мушу быць я. Гэта мяне, а не Сяргея, міліцыя шукала тры гады. А ў выніку яго арыштоўваюць, мяне таксама. Але мяне хутка выпускаюць. Потым мне адно абвінавачаньне прад'яўляюць, а яму – аж тры".
Абвінавачваньні на адрас Сяргея Скрабца складаюць аж 35 тамоў крымінальнай справы. Аднак былы дэпутат катэгарычна адмаўляецца іх вывучаць.