«На дне» па-аршанску
Сітуацыі накшталт сюжэта славутай п'есы Максіма Горкага "На дне" можна раз-пораз убачыць у Оршы, дзе створаны першы на Віцебшчыне цэнтр рэсацыялізацыі нядаўніх зняволеных, якія выйшлі з вязніцы паводле амністыі або вызваленыя ўмоўна-датэрмінова і маюць вострую патрэбу ў сацыяльнай адаптацыі.
Пад незвычайную ўстанову, аналагічную начлежцы з драмы М.Горкага, адведзена частка гарадскога выцвярэзніка, дзе адмыслова зрабілі рамонт і паставілі ложкі ў два ярусы, каб размясціць каля 20 насельнікаў тэрмінам на месяц, на працягу якога супрацоўнікі сацыяльнай службы і міліцыі будуць дапамагаць выпушчаным на волю асобам знайсці сваякоў і сяброў, выявіць магчымую спадчыну і аформіць правы на яе і прапіску, атрымаць пашпарт, а ў асобных выпадках -- нават дапамагчы ўладкавацца на працу.
Адметна, што гэты клопат аб прыстасаванні вызваленых вязняў мае абмежаваны характар. Для насельнікаў сучаснай беларускай начлежкі не прадугледжаны ні харчаванне, ні медыцынская або псіхалагічная дапамога.