Суды адмаўляюцца разглядаць указ Лукашэнкі аб перайменаваньні праспэктаў
Менскі гарадзкі суд 15 верасьня адмовіў у задавальненьні скаргі жыхароў беларускай сталіцы, якія абскардзілі перайменаваньне цэнтральных праспэктаў і вуліц Менску А. Лукашэнкам. Ініцыятары справы, якія лічаць, што А. Лукашэнка не меў на гэта права, зьбіраюцца зьвяртацца ў Вярхоўны суд, паведаміла радыё Свабода.
Група менчукоў абскардзіла дзеяньні ў справе перайменаваньня вуліц у судзе Цэнтральнага раёна Менску, аднак гэты суд адмовіўся разглядаць іх скаргу, спаслаўшыся на тое, што ў ягоную кампэтэнцыю не ўваходзіць разгляд нарматыўных актаў кіраўніка дзяржавы,паведаміла Радыё Свабода.
Ініцыятары справы палічылі такую пазыцыю не адпаведнай заканадаўству і падалі касацыю ў суд вышэйшай інстанцыі – Менскі гарадзкі, аднак і Менскі гарадзкі суд палічыў, што разглядаць указы А. Лукашэнкі беларуская судовая сыстэма ня мае права.
Анатоль Лябедзька зазначае, што гэтае рашэньне Менскага гарадзкога суду ў сваю чаргу будзе абскарджанае ў Вярхоўным судзе, прынамсі, каб вярнуць увагу грамадзкасьці да незаконнага, на ягоную думку, перайменаваньня цэнтральных вуліц і праспэктаў Менску.
Спадар Лябедзька зазначыў, што апазыцыя не адмаўляецца ад ідэі правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму наконт перайменаваньняў А. Лукашэнкам цэнтральных вуліц і праспэктаў сталіцы, а акрамя таго зьбіраецца пачаць збор подпісаў выбаршчыкаў за адкліканьне старшыні Менскага гарсавету Ўладзімера Папкоўскага, за тое, што дэпутацкі корпус пад ягоным кіраўніцтвам ніяк не рэагуе на узурпацыю іхных паўнамоцтваў А. Лукашэнкам.