viasna on patreon

Сістэматычныя адмовы ў рэгістрацыі “Нашай Вясны” сведчаць пра негатоўнасць беларускіх уладаў да правядзення дэмакратычных зменаў у краіне

2009 2009-06-03T18:51:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pressviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 траўня 2009  года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняла рашэнне пра адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”.

Гэта ўжо трэцяя адмова Міністэрства юстыцыі Беларусі ў рэгістрацыі аб’яднання, якое стваралася сябрамі ліквідаванага беларускімі ўладамі ў кастрычніку 2003 г. Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Папярэднія адмовы былі вынесеныя Мінюстам у жніўні 2007 г. і сакавіку 2009 г.

24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН у сваім рашэнні прызнаў ліквідацыю Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” парушэннем Рэспублікай Беларусь арт. 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У сваім рашэнні Камітэт, у прыватнасці, падцвердзіў права заяўляльнікаў на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю арганізацыі і кампенсацыю, а таксама абавязаў беларускую дзяржаву прыняць меры па прадухіленні здзяйснення падобных парушэнняў.

У сувязі з гэтым рашэнннем Камітэта ААН мы неаднаразова звярталіся да афіцыйных уладаў Беларусі з патрабаваннямі аб аднаўленні нашых парушаных правоў.

Пры гэтым мы неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што рэгістрацыю Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” мы згодныя расцэньваць як кампенсацыю дзяржавай нашага парушанага права на асацыяцыю.

Нягледзячы на гэта, беларускія ўлады не толькі не выканалі рашэнне Камітэту па правах чалавека ААН, але і тройчы беспадстаўна адмовілі ў рэгістрацыі аб’яднання “Наша Вясна”.

У сувязі з чарговай адмовай у рэгістрацыі, мы, заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, заяўляем наступнае:

--пастаянныя адмовы ў рэгістрацыі аб’ядннаня з боку беларускіх уладаў з’яўляюцца сістэмнай дыскрымінацыяй праваабаронцаў у сувязі з іхняй грамадскай дзейнасцю;

--- маюць неабгрунтаваны і незаконны характар і парушаюць нашыя канстытуцыйныя правы на свабоду асацыяцыяў;

--- парушаюць міжнародныя пагадненні ў галіне правоў чалавека, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь;

-- сведчаць пра негатоўнасць беларускіх уладаў да правядзення сістэмных зменаў, скіраваных на далейшую лібералізацыю ў краіне.  

Мы  заяўляем, што ў сувязі з нежаданнем беларускіх уладаў рэгістраваць ГПА “Наша Вясна”,  заснавальнікамі аб’яднання прынятае рашэнне больш не звяртацца ў Мінюст з просьбай аб рэгістрацыі.

Мы  таксама заяўляем, што ў сувязі з сістэматычнымі і відавочна дыскрымінацыйнымі адмовамі ў рэгістрацыі аб’яднання, мы будзем ажыцяўляць праваабарончую дзейнасць як індыівідуальна, так і ў групе асобаў.

Мы інфармуем беларускія ўлады пра тое, што маем намер абскардзіць дзеянні беларускіх уладаў у Камітэт па правах чалавека ААН.

 

Заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”: Алесь  Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч. 

 3 чэрвеня  2009 г., Мінск

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства