viasna on patreon

Валеру Леванеўскаму адмовілі ў пераводзе на «хімію»

2005 2005-09-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі адмовілася перавесьці лідэра Агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў, сябра “Свабоднай Беларусі” Валера Леванеўскага ў калёнію-пасяленьне. Пра тое, што Валеру Леванеўскаму адмовілі ў пераводзе з калёніі агульнага рэжыму ў калёнію-пасяленьне, «Радыё Свабода» паведаміў ягоны сын Уладзімер Леванеўскі, спаслаўшыся на апошні ліст ад бацькі. “Ён напісаў, што 3 верасьня яму адмовілі ў зьмякчэньні пакараньня — у пераводзе ў калёнію-пасяленьне. Нібыты на той падставе, што ён ёсьць злосным парушальнікам турэмнага рэжыму. Цяпер ён працягвае абскарджваць прысуд і пакараньні, якія на яго наклалі ў турме”, -- паведаміў сын палітвязня.

Валера Леванеўскага чатыры разы каралі за розныя парушэньні турэмнай дысцыпліны, у тым ліку накіроўвалі ў турэмны карцэр за парушэньне формы адзеньня. Вязень лічыць, што гэтак турэмная адміністрацыя помсьціла яму за скаргі, якія ён накіроўваў у вышэйшыя інстанцыі. Накладзеныя на гарадзенскага прадпрымальніка пакараньні ўжо сталі падставай для адмовы яму ў амністыі. Абскардзіць гэтыя пакараньні яму не ўдаецца, бо суды не прымаюць ягоных скаргаў да разгляду.

Калёнія-пасяленьне — гэта больш лёгкая форма адбыцьця пакараньня, якая падобна на гэтак званую “хімію”. Пераведзеныя на пасяленьне вязьні звычайна занятыя ў калгасах на некваліфікаванай працы, жывуць у інтэрнатах пад наглядам міліцыі, аднак маюць магчымасьць вольна перамяшчацца ў межах населенага пункту і кантактаваць з жыхарамі і гасьцямі. Апошні год свайго пакараньня на такім рэжыме быў былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту прафэсар Юры Бандажэўскі, які працаваў пастухом у калгасе Дзятлаўскага раёну.

Дзяжурны Івацэвіцкай калёніі адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра рашэньне адміністрацыі адносна Валера Леванеўскага.

Нагадаем, лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага больш за год таму асудзілі да 2 гадоў зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якую напісаў Валер Леванеўскі напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў, было сказана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства