Арыштаваны былы ўдзельнік апошніх парламенцкіх выбараў Андрэй Бандарэнка
Былы ўдзельнік апошніх парламенцкіх выбараў Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны напрыканцы мінулага тыдня.
Непрыемнасці для саўладальніка камерцыйнай фірмы з Менску Андрэя Бандарэнкі пачаліся, калі ён вырашыў узяць удзел у парламенцкіх выбарах увосень 2008 года. Пры падтрымцы Аб'яднанай грамадзянскай партыі амбітны бізнесовец балатаваўся на Магілёўшчыне і згодна падлікам сваіх назіральнікаў атрымаў перамогу ўжо ў першым туры. Але ўлада не толькі не пусціла Бандарэнку ў Парламент, але і пачала ціснуць на ягоны бізнес.
У выніку Андрэй Бандарэнка вымушаны быў з'ехаць за мяжу, дзе пражыў апошнія два месяцы. Туга па сям'і і дачцы - немаўляці вымусілі палітэмігранта вярнуцца ў Менск, дзе ён і быў арыштаваны напрыканцы мінулага тыдня.
Сябра Палітрады АГП Аляксандр Дабравольскі лічыць арышт Андрэя Бандарэнкі палітычна матываваным.
Да цяперашняга моманту калегі Андрэя Бандарэнкі не ведаюць ні акалічнасцей ягонага арышту, ні месца яго ўтрымання.