“Наша Вясна” чакае – Мінюст маўчыць
25 траўня скончыўся месячны тэрмін, адведзены Законам “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, для прыняцця рашэння пра рэгістрацыю “Нашай Вясны”. Заснавальнікі праваабарончага аб’яднання адказу ад чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі не атрымалі.
Устаноўчы сход заснавальнікаў грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша Вясна" адбыўся ў Менску 29 сакавіка. Дакументы, неабходныя для рэгістрацыі аб’яднання, былі перададзеныя для прыняцця рашэння ў Міністэрства юстыцыі 25 красавіка.
Пры гэтым праваабаронцы заявілі, што трэцяя спроба звароту да Мінюсту ў выпадку чарговай адмовы ў рэгістрацыі стане апошняй.
Нагадаем, што гэта трэцяя спроба зарэгістраваць праваабарончае аб’яднанне. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Апошняя адмова на рэгістрацыю была атрыманая 26 лютага бягучага году. Праваабаронцы аспрэчвалі гэтае рашэнне ў Вярхоўным Судзе. 22 красавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пакінуў без задавальнення скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі.