viasna on patreon

Вялікі рок‑канцэрт пад Менскам

2009 2009-05-21T15:30:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bm-kancert.jpg

23 траўня (субота) адбудзецца першы ў гэтым стагоддзі на тэрыторыі Беларусі вялікі фэст беларускага року на вольным паветры — «Bela Music‑09».

Ад 16 да 23‑й пляцоўка аэрадрому «Баравая» прыме лідэраў беларускай актуальнай музыкі. Сярод іх — яшчэ нядаўна забароненыя ўладамі гурты Neuro Dubel і «Палац». На айчынным «оўпэн‑эйры» не будзе толькі N.R.M., але на адной сцэне з Варашкевічам і Кулінковічам заспявае Пётр Ялфімаў.

Кіраўнік інфа‑цэнтру фэсту Bela Music‑09 Сяргей Будкін кажа: «На фестывалі не будзе іерархіі — хэдлайнеры ўсе. Крытэр адзін — яскравая беларуская музыка». На «оўпэн‑эйры» як на «оўпэн эйры»: ні табе мулкіх крэслаў, ні загадаў не танчыць у праходах. Стаміўся танчыць? Пасядзі на траўцы і проста паслухай. На тэрыторыі фэсту будуць стаяць гандлёвыя палаткі з ежай і пітвом (не півам).

Як даехаць

У прынцыпе, гэта недалёка. Пляцоўка на «Баравой» за якіх 300 метраў ад мінскага мікрараёну «Зялёны Луг». Але, адмыслова для неаматараў хадзіць, ад станцыі метро «Усход» да месца фэсту з 15‑й да 23‑й спецрэйсам туды‑назад будуць ездзіць аўтобусы. Кошт квітка на аўтобус — 600 рублёў. Можна дабрацца па‑іншаму: гарадскім транспартам да гандлёвага цэнтру «Аквабел» і ад яго прайсці якіх 500 метраў наперад да пляцоўкі, арыентуючыся на ўказальнікі «Bela Music‑09».

На полі аэрадрому будзе арганізаваная бясплатная паркоўка. Заезд з аўтадарогі Калодзішчы—Заслаўе. Арыенцір — на ўказальнік Bela Music, кіруйцеся інструкцыямі інспектараў ДАІ.

Квіткі на сам фестываль — 20 тыс. Дзеткі да 10 у суправаджэнні дарослых — задарма. Квіткі можна набыць непасрэдна на імпрэзе, а таксама напярэдадні ў буйных тэатральных касах Мінску.

Цёмны конік

RASTOP POWER TRIO сярод ¬удзельнікаў? Хто гэта? Гэта Аляксандр Растопчын, удзельнік «Сузор’я» і «Песняроў». У 1990‑х з’ехаў у Штаты і, зрабіў¬шы кар’еру з нуля, лічыцца зоркаю нью‑ёркскіх блюзавых клубаў. Разам з Растопчыным з Амерыкі прыедзе яшчэ адна зорка — Аляксей Казлоўскі, нязменны бас‑гітарыст гурту «Сузор’е». Да іх далучыцца бубнач Андрэй Філатаў, які колісь таксама граў у «Сузор’і», а цяпер — у «Краме».

Чаму не будзе N.R.M.?

Лявон Вольскі пасля напружаных гадоў фронтмэн надумаў узяць працяглы адпачынак. Але выступіць сольны праект іншага энэрэмаўца, гітарыста Піта Паўлава, GARADzKIJA.

Пятро Ялфімаў сярод удзельнікаў?

Так. Перадгісторыя: прыхільнікі Пятра звярнуліся да арганізатараў «Bela Music‑09» з просьбай падтрымаць беларускага спевака пасля гісторыі з «Еўрабачаннем». Кіраўнік фестывалю Алег Хаменка пагадзіўся. Тым больш, Ялфімаў браў удзел у «Басовішчы», а адна песня з яго белмоўнага праекту PitBul уваходзіла ў лік найлепшых песняў году паводле версіі інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў».

Лявон К

Хто і калі будзе выступаць на «Bela Music‑09»:
    17:00‑17:30 GARADzKIJA
    17:30‑18:10 Дзецідзяцей
    18:10‑18:40 RASTOP POWER TRIO
    18:40‑19:20 Neurodubel
    19:20‑20:00 Палац
    20:00‑20:40 Без Билета
    20:40‑21:20 Крама
    21:20‑22:00 J:Mopc

***

Алег Хаменка: З чыноўнікамі можна дамаўляцца

Пра канцэрт «Bela Music» гутарка з мастацкім кіраўніком фестывалю, лідэрам гурту «Палац» Алегам Хаменкам.

«Наша Ніва»: Алег, раскажыце крыху, што гэта ўвогуле за мерапрыемства такое «Bela Music»?

Алег Хаменка: Гэта будзе такі вялікі беларускі «фестываль фестываляў». Мы вельмі доўга ішлі да такога «оўпэн‑эйру», цяпер вось нарэшце ўдалося. Будзе такі вось своеасаблівы канцэрт найлепшага, што ёсць у беларускай музыцы, самага актуальнага. У першую чаргу року. На фэсце будуць жывыя гурты, выканаўцы. Людзі проста змогуць добра правесці вольны час.

«НН»: Чаго асабіста Вы чакаеце ад фестывалю?

АХ: Чакаю, што фестываль стане знакавым. Найбольш масавым у краіне. Вельмі спадзяюся, што атрымаецца зрабіць яго штогадовым. Калі зможам, то налета плануем праводзіць фэст цягам двух дзён. З удзелам не толькі ўжо вядомых гуртоў, але і маладых. Тых, каго захочуць пачуць самі гледачы.

«НН»: Ці можна гаварыць, што «Bela Music» можа стаць альтэрнатывай «Басовішчу»?

АХ: Думаю, што не. Гэта два абсалютна розныя мерапрыемствы. Дарэчы, у Баравой таксама будзе гурт, што будзе прадстаўляць «Басовішча», пакуль не хачу казаць, хто менавіта. Прыедуць людзі з «Басовішча», паглядзець як у нас усё пройдзе.

«НН»: А праблемаў з чыноўнікамі не было падчас падрыхтоўкі фэсту?

АХ: Чыноўнікі таксама жывыя людзі, і з імі можна дамаўляцца. Прызнацца, былі некаторыя непрыемныя моманты, былі складанасці. Але ж такога маштабу фестывалю яшчэ ніколі не было ў Беларусі. Ідэя вельмі слушная, і яна павінна была ўвасобіцца ў жыццё. Усё ж з майго боку ніякіх нараканняў да чыноўнікаў няма.

«НН»: У суботу вы будзеце граць у Беларусі пад адкрытым небам, тады як яшчэ некалькі гадоў таму давалі паўзабароненыя канцэрты. Адчуванні нейкія новыя ёсць, хвалюецеся?

АХ: Калі ў нас не было вялікіх канцэртаў у Беларусі, то гэта не значыць, што ў нас іх не было ўвогуле. Па вялікаму рахунку, якая розніца, ці ты граеш у Беластоку, Варшаве, Маскве ці ў Мінску? Публіка паўсюль прыкладна аднолькавая.

«НН»: Якія нечаканкі можна будзе чакаць ад «Bela Music»?

АХ: Паспрабуем зрабіць некаторыя нечаканасці, але хай гэта будзе сюрпрызам. Калі крышачку прыадкрыць таямніцу, то скажу, што магчымым вядучым фэсту будзе Пётр Ялфімаў. Ён таксама спяе некалькі песень. Насамрэч Ялфімаў робіць вельмі актуальную музыку, цікавы праект. Прыедуць з Амерыкі Аляксандр Растопчын і Аляксей Казлоўскі. Магчыма, яны не такія вядомыя ў нас, як там, але гэтыя людзі былі ў складзе першага беларускага рок‑гурту «Сузор’е».

«НН»: Шмат хто цікавіцца, чаму няма N.R.M. Яны адмовіліся ад удзелу?

АХ: Ніхто не адмаўляўся. Справа ў тым, што ў Лявона Вольскага цяпер творчы перапынак. Ён не дае на дадзеным этапе ніякіх канцэртаў.

«НН»: На якую колькасць людзей разлічваеце, што прыйдзе на фэст?

АХ: Пры добрым надвор’і будзе не меней, чым пяць тысяч чалавек. Галоўнае, каб людзям спадабалася і яны засталіся задаволеныя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства