viasna on patreon

У праваабаронцаў не прынялі перадачу для Мікалая Аўтуховіча

2009 2009-05-20T18:56:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peradacha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мікалай Аўтуховіч учора быў пераведзены ў  Рэспубліканскую бальніцу МУС. Зараз ён знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, у яго сур’ёзныя праблемы з печанню.

 

- Па просьбе Мікалая Аўтуховіча мы сабралі перадачу – ваду, медыкаменты для падтрымання печані, зубную пасту – і наведалі бальніцу МУС, дзе ён зараз знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, - кажа Уладзімір Лабковіч. -  Супрацоўнік гэтай установы адмовіўся прымаць нашу перадачу, спаслаўшыся на тое, што мы не блізкія сваякі Аўтуховіча. – Тады я  наведаў кабінет начальніка спецчасткі, капітана міліцыі. Ён таксама ў катэгарычнай форме адмовіў нам.

 

Між тым, праваабаронцы сцвярджаюць, што адмова гэтая абсалютна беспадстаўная, паколькі ні закон, ні інструкцыі МУС не прадугледжваюць абмежаванняў сярод асобаў, якія могуць рабіць перадачы.

 

- Адмовіўшы нам у перадачы, капітан і сам прызнаў, што гэтае ягонае рашэнне не з’яўляецца законным, - адзначае Уладзімір Лабковіч. – Але ў яго знайшоўся яшчэ адзін аргумент - абсалютна дзіцячы і смешны: гэтаю вадою мы хочам атруціць Аўтуховіча. І таму ён, выключна абараняючы жыццё Аўтуховіча, вырашыў гэтую ваду яму не перадаваць.

 

Паводле праваабаронцаў, дадзеная сітуацыя паказвае ўвесь цынізм уладаў, якія на пустым месцы спрабуюць абмежаваць чалавека, зрабіць умовы яго зняволення яшчэ больш невыноснымі.

 

- Нажаль, гэта сведчыць пра тое, што нашая сістэма, у дачыненні да ўсіх грамадзянаў, якія трапляюць за краты, скіраваная на прыніжэнне, дыскрымінацыю, знішчэнне іх як асобаў. І асабліва яскрава гэта праяўляецца падчас такіх гучных справаў, як справа Мікалая Аўтуховіча, што атрымала вялікі грамадскі рэзананс, - кажа Уладзімір Лабковіч. - Хутчэй за ўсё, мы звернемся ў пракуратуру, таму што, безумоўна, дзеянні адміністрацыі гэтай установы абсалютна не грунтуюцца на заканадаўстве. Тым больш, што і самі яны гэтага не адмаўляюць. Дадзеныя абмежаванні скіраваныя, у першую чаргу, на дыскрымінацыю асобы сп. Аўтуховіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства