Міхаілу Марынічу адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні
Камісія, якая вырашае пытаньні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня вязьняў менскай калёніі, супраць таго, каб былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч хутка выйшаў на волю. Жонка палітвязьня Тацяна Марыніч, якая з 7 па 9 верасьня мела спатканьне з ім у калоніі паведаміла Радыё Свабода, што яе муж прыкладае намаганьні, каб дамагчыся іншага рашэньня камісіі. Міхаіл Марыніч не згодны з адмовай на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, бо выконвае ўсе правілы, ня мае парушэньняў і да таго ж яму патрэбнае тэрміновае лячэньне.
У Менскай калёніі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра рашэньне камісіі адносна Міхаіла Марыніча.
Паводле зьвестак Тацяны Марыніч, 22 верасьня адбудзецца новае паседжаньне камісіі, на якім канчаткова вырашыцца, ці вызваляць яе мужа.
У сакавіку ў турме Міхаіл Марыніч перанёс інсульт, быў часткова паралізаваны, і наступствы хваробы ў яго канчаткова не прайшлі. Турэмныя дактары аказваюць палітвязьню тэрапэўтычную дапамогу, але гэтага, на думку Тацяны Марыніч, недастаткова, тым больш што ў калоніі няма ўмоваў для заняткаў аздараўляльнай фізкультурай.
Міхаіл Марыніч не губляе мужнасьці і аптымізму, перадае ўсім падзяку і спадзяецца, што дзякуючы дапамозе, ён усё ж хутка выйдзе з турмы.