viasna on patreon

Па ўсіх пытаннях журналістаў недзяржаўных СМІ скіроўваюць да ідэолагаў

2009 2009-05-20T14:40:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bar-vykankam.jpg

Адказ на пытанне, дзе ў Баранавічах падлеткам можна катацца на скейтбордах, незалежным журналістам давялося шукаць ва ўпраўленні ідэалогіі гарвыканкама.

Карэспандэнт баранавіцкай незалежнай газеты «Intex-press» Зінаіда Дрозд па скарзе чытачоў, дзецям якіх няма дзе катацца на скейтбордах (добрага пакрыцця амаль нідзе няма, а дзе ёсць – не дазваляюць уладальнікі тэрыторый), 18 траўня звярнулася з гэтым пытаннем у аддзел фізкуьтуры і спорту гарадской адміністрацыі.

Кіраўнік аддзелу па фізічнай культуры, спорце і турызме Баранавіцкага гарвыканкама Генадзь Касцюкевіч, папярэдне ўдакладніўшы, адкуль тэлефануюць – з газеты «Intex-press» ці гарадскога тэлебачання, паведаміў, што ўсю інфармацыю журналіст можа атрымаць праз упраўленне ідэалогіі.

Такія адсылкі ў ідэалагічнае ўпраўленне карэспандэнты недзяржаўнай мясцовай газеты чуюць усё часцей. Як стала вядома службе маніторынгу ГА «БАЖ», нядаўна на адной з аператыўных нарад гарадское начальства ізноў папярэдзіла кіраўнікоў устаноў і арганізацый Баранавіч пра тое, што стасункі з незалежнай прэсай можна мець толькі з дазволу ўпраўлення ідэалогіі гарвыканкама.

(Днямі гэткім жа чынам адаслалі ў ідэалагічны аддзел Бабруйскага гарвыканкама карэспандэнта недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер». Журналіст хацеў высветліць, якімі праектамі займаецца аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама).

Такім чынам, зараз журналісты вымушаны звяртацца да ідэолагаў па самых розных пытаннях – ад дынамікі таваразвароту ў гарадскім гандлі да праблем маладых скейтбардзістаў. У такіх ўмовах працы казаць пра аператыўнасць, аб’ектыўнасць і паўнату інфармацыі не даводзіцца, як і пра атрыманне адказаў на ўсе пастаўленыя пытанні.

Зрэшты, скетбардзістам пашанцавала. Перазваніўшы начальніку ўпраўлення ідэалогіі Таццяне Жытко, усяго праз пяць гадзін журналістка даведалася, што скейтбардзістам у Баранавічах можна катацца… «паўсюль».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства