Мін'юст патрабуе выключыць з Саюзу пісьменьнікаў замежных грамадзян
Саюз беларускіх пісьменьнікаў мае ў сваім складзе шаснаццаць літаратараў, якія стала жывуць за межамі краіны, такіх як прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту паэт Алесь Баршчэўскі, празаік і літаратуразнаўца з Масквы Аляксей Каўка, паэтка і журналістка з Палтавы Іна Снарская, публіцыст і навуковец з Санкт-Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч ды яшчэ больш за дзясятак выбітных беларускамоўных творцаў, якія жывуць за межамі краіны.
У пісьменьніцкую суполку іх прымалі ў розныя гады, некаторых яшчэ ў час СССР. Усе яны актыўна працуюць на карысьць беларускае літаратуры, сказаў у інтэрвію Радыё Свабода старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, і няма ніякіх падставаў выключаць іх з творчае арганізацыі, як таго патрабуе Міністэрства юстыцыі ў сваім лісьце. У выпадку невыкананьня гэтага патрабаваньня Мін’юст пагражае ліквідаваць Саюз пісьменьнікаў.
Між тым, старшыня СБП Алесь Пашкевіч гаворыць, што нікога выключаць з пісьменьніцкай арганізацыі ня будуць менавіта таму, што сяброўства замежных грамадзянаў не супярэчыць статуту пісьменьніцкага саюзу, зацьверджанага ў прадугледжаным заканадаўствам парадку. Але спадар Пашкевіч атрымаў зь Мін’юсту ліст, у якім чыноўнікі патрабуюць прынесьці ім статут пісьменьніцкай арганізацыі дзеля вызначэньня ягонай сапраўднасьці.
Справа ў тым, што па словах спадара Пашкевіча, арыгінал статуту Саюзу беларускіх пісьменьнікаў насамрэч страчаны, ёсьць толькі копія статуту, перазацьверджаную Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь у 1999 году. Паводле гэтага статуту якраз беларускамоўныя пісьменьнікі, якія ня маюць беларускага грамадзянства і мелі права прымацца ў нашую творчую арганізацыю.
Алесь Пашкевіч упэўнены, што сапраўдныя прычыны карных санкцыяў да пісьменьнікаў з боку чыноўнікаў палягаюць у іншым: “Саюз пісьменьнікаў як грамадзкая арганізацыя выцясьняецца з прававога поля дзейнасьці. Саюз пісьменьнікаў як найстарэйшая творчая арганізацыя нашай краіны на сёньня ня толькі рэальнай дзяржаўнай падтрымкі пазбаўленая, але і юрыдычнага статусу, можа так стацца, таксама будзе пазбаўленая”.