viasna on patreon

Маладафронтаўцы пагадзіліся спыніць галадоўку

2009 2009-05-18T11:15:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/holad01.jpg

Маладафронтаўцы пагадзіліся спыніць галадоўку пасьля таго, як Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Мілінкевіч і Вячаслаў Сіўчык заявілі, што бяруць адказнасьць за вызваленьне ваўкавыскіх прадпрымальнікаў на сябе. Яны паабяцалі выкарыстаць усе палітычныя, міжнародныя й іншыя магчымасьці для таго, каб прадпрымальнікі як мага хутчэй выйшлі на волю.

 

Павал Севярынец, які адкрываў прэсавую канфэрэнцыю, абвясьціў:

 

 “Сёньня палітычныя лідэры на гэтай прэсавай канфэрэнцыі просяць галадоўку спыніць. Спыніць дзеля таго, каб маладыя маглі захаваць сілы. І палітыкі бяруць на сябе адказнасьць за тое, каб дамагацца вызваленьня Аўтуховіча і прадпрымальнікаў праз дыпляматычныя, палітычныя, інфармацыйныя каналы”.

 

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі на ўласным досьведзе ведаюць, якая гэта рызыкоўная, небясьпечная і адказная справа — галадоўка. Таму так уважліва ставіліся яны да лёсу сваіх маладзейшых паплечнікаў. Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя падкрэсьлівалі: акцыя моладзі не засталася незаўважанай.

 

Намесьніца кіраўніка “Маладога фронту” Наста Палажанка зьвярнулася да палітычных лідэраў:

 

 “Дзякуй вам за вашыя хваляваньні, вашую ўвагу. Мы будзем лічыць, што нашая галадоўка была недарэмная толькі ў тым разе, калі вы сапраўды працягнеце гэтую справу. І мы вельмі ўсьцешаныя з таго, што нашыя сталейшыя паплечнікі бяруць адказнасьць на сябе за вызваленьне палітзьняволеных. І толькі дзякуючы такой сумеснай барацьбе мы разумеем, што нашая справа не была дарэмнай. І таму мы паслухаемся сваіх сталейшых паплечнікаў”.

 

Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе тры маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі з 16 красавіка. Аўтуховіч патрабуе або перадаць справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у суд, або зьмяніць усім тром падсьледным у гэтай справе меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства