Міністр абароны дазволіў Івану Шылу здаць іспыт
Міністр абароны Леанід Мальцаў станоўча адказаў на просьбу “Маладога Фронту” дазволіць палітвайскоўцу Івану Шылу здаць выпускны іспыт.
Нагадаем, некалькі тыдняў назад Міністэрства адукацыі прадставіла магчымасьць здаць выпускны іспыт па ангельскай мове намесьніку старшыні Маладога Фронту Івану Шыле. Але кіраўніцтва вайсковай часткі, дзе служыць Іван Шыла, паведаміла, што ня можа адпусьціць юнака на іспыт, бо ня бачыць у гэтым неабходнасьці.
Паплечнікі Івана Шылы былі вымушаны зьвярнуцца да Міністра абароны Леаніда Мальцава з адпаведнаю просьбаю і атрымалі станоўчы адказ.
У лісьце за подпісам Л.С. Мальцава паведамляецца:
“Камандаваньнем 29 зэнітнай ракетнай брыгады прынята рашэньне, у парадку выключэньня, прадставіць магчымасьць Шыла І.У. здаць іспыт па замежнай мове у сярэдняй школе №1 г. Лепеля 9 чэрвеня 2009 году”.
Маладафронтавец Іван Шыла быў выключаны са школы за актыўную грамадзкую дзейнасьць мінулым летам за дзень да апошняга выпускнога іспыту.
Эўрапейскія краіны, напрыклад, Эстонія і Польшча, дазволілі маладафронтаўцу здаваць іспыт у іх навучальны установах.