У Віцебску затрымалі чатырох грамадзскіх актывістаў "за бітву пад Воршай"
Чацьвёра віцяблянаў затрыманыя за тое, што віншавалі гараджанаў з Днём беларускай вайсковай славы. Міліцэйскія пратаколы, а таксама віншавальныя плякаты ды бел-чывона-белы сьцяг перададзеныя ў суд.
Віцебскія сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка ды Аляксандар Салаўян, а таксама беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда і беспрацоўны прадпрымальнік Сяргей Міркушоў выйшлі аб 11-й раніцы на вуліцу Леніна з бел-чырвон-белым сьцягам ды вялікімі каляровымі плякатамі: “Сёньня Дзень беларускай вайсковай славы”, “8 верасьня 1514 году 30 тысяч беларускіх ваяроў пад Воршай разьбілі ўшчэнт 80-тысячнае маскоўскае войска. Слава беларускім героям!” і “Вось так трэба бараніць сваю незалежнасьць і волю Радзімы!”
На думку Ўладзімера Плешчанкі, большасьць віцяблянаў нічога ня ведае пра гістарычную бітву пад Воршай, і таму трэба ня проста віншаваць іх са сьвятам, а тлумачыць, што гэта за дзень.
Віцябляне паставіліся да віншавальна-інфармацыйных плакатаў з цікаўнасьцю, а вось міліцыянты і байцы АМОНу загадалі апазіцыянерам сядаць у міліцэйскія машыны.
У пастарунку на кожнага склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне, і затрыманых скіравалі ў раённы суд. У якасьці рэчавых доказаў туды ж перадалі і сьцяг з усімі плакатамі, але судзьдзя Грабянчук адклала разгляд справы на панядзелак.