За разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы будуць караць і цывільных
Крымінальная і адміністратыўная адказнасьць будзе ўведзеная ў Беларусі для цывільных асобаў за разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы.
Пра гэта заявіў журналістам сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Алег Кот.
Цяпер крымінальная адказнасьць за разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы існуе для вайскоўцаў.
“Цяпер мы таксама ўводзім адміністратыўную адказнасьць і для цывільных асобаў, калі ўцечка інфармацыі, якая ёсьць дзяржтаямніцай, адбылася празь неасьцярожнасьць”, — сказаў А.Кот.
Паводле дэпутата, неасьцярожнасьць можа азначаць пакінутыя без нагляду дакумэнты, у якіх утрымліваецца інфармацыя зь дзяржаўнай таямніцай.
“Напрыклад, чалавек згубіў флэш-карту, дыскету, забыўся недзе партфэль з дакумэнтамі ці вынес за межы рэжымнага аб'екту паперы з сакрэтнай інфармацыяй”, — сказаў А.Кот.
Адміністратыўная адказнасьць за гэтае правапарушэньне будзе прадугледжваць штраф ад 4 да 20 базавых велічыняў залежна ад важнасьці згубленай празь неасьцярожнасьць інфармацыі.
Праверкай і дазнаньнем па фактах разгалошваньня дзяржаўнай таямніцы празь неасьцярожнасьць будзе займацца КДБ.
Адной з прычынаў неабходнасьці ўважліва ахоўваць дакумэнты дэпутат назваў будучае будаўніцтва АЭС.