Менгарвыканкам не адказвае на просьбу ПКБ выдзеліць памяшканне для з'езда
Менгарвыканкам зацягвае з адказам на просьбу Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) аб выдзяленні памяшкання для правядзення з'езда, паведаміў сакратар цэнтральнага камітэта партыі Валерый Ухналёў. Паводле яго слоў, дакумент у Менгарвыканкам з просьбай аб выдзяленні памяшкання накіроўваўся 12 красавіка.
"Адказ павінен быў прыйсці на працягу месяца, — сказаў В.Ухналёў. — Гэты тэрмін ужо прайшоў. Звычайная практыка Менгарвыканкама — зацягваць з адказам. Гэта асабліва непрыемна, бо 16 мая пройдзе пленум ЦК ПКБ, дзе будуць падводзіцца вынікі па дакументах, што выносяцца на абмеркаванне з'езда".
Пазачарговы з'езд ПКБ павінен прайсці 23 і 24 мая ў Менску. Галоўнай тэмай будзе рэфармаванне партыі.
Як паведаміў В.Ухналёў, цяпер з гэтай мэтай створаны тры партыйныя камісіі. "Я ўзначальваю групу па выпрацоўцы зменаў у статут партыі. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін распрацоўвае праект пазіцыі па пытаннях эканамічнага крызісу. Сакратар ПКБ Алена Скрыган рыхтуе пакет прапаноў для з'езда па змене назвы партыі", — зазначыў палітык.
Як раней паведаміла БелаПАН А.Скрыган, прапанаваны "дзесяткі варыянтаў" новай назвы партыі. Паводле яе слоў, у асноўным яны ўключаюць у сябе словы "сацыяльная справядлівасць", "праца", "працоўныя".
15 мая прадстаўнікі ПКБ маюць намер наведаць Менгарвыканкам, каб даведацца пра адказ на просьбу аб выдзяленні памяшкання для з'езда, паведамляе БелаПАН.