Праваабарончыя арганізацыі занепакоены пазыцыяй Беларусі ў ААН
Праваабарончыя арганізацыі "Amnesty International”, “Human Rights Watch” і міжнародная асацыяцыя ў барацьбе зь беднасьцю "Оксфам" заклікалі шэраг краінаў, у тым ліку Беларусь, не перашкаджаць прыняцьцю мераў па абароне правоў чалавека, выкараненьні генацыду, умацаваньні бясьпекі і барацьбе зь беднасьцю. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым звароце, зь якім гэтыя арганізацыі выступілі напярэдадні ўсясьветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні, якая пройдзе ў сярэдзіне верасьня ў Нью-Ёрку ў рамках 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН.
На думку міжнародных праваабарончых арганізацыяў, дзеяньні ўрадаў асобных краінаў сьвету могуць "падарваць саміт", паколькі адным з пунктаў парадку дня гэтай сустрэчы зьяўляецца ўхвала пагадненьня аб стварэньні замест Камісіі ААН у правох чалавека Рады ў правох чалавека, якая будзе функцыянаваць увесь год, паведамила радыё Свабода.
Як адзначаецца ў звароце, сярод 15 краінаў, якія выступаюць супраць рэформы камісіі, – Беларусь, Вэнэсуэла, Віетнам, Куба, Бірма, Пакістан, Сырыя і Туркмэністан, менавіта тыя краіны, дзе фіксуецца найбольшая колькасьць парушэньняў правоў чалавека.
Апрача таго, праваабарончыя арганізацыі выказваюць занепакоенасьць што да намеру Ірану, Кубы, Расеі і ЗША заблякаваць падпісаньне на ўзроўні ААН пакету захадаў, якія прадугледжваюць адказнасьць урадаў па абароне грамадзянскай супольнасьці.