Інтэрнет-правайдэр засцерагае кліентаў ад распаўсюду «экстрэмісцкай інфармацыі»
Прыватны беларускі інтэрнет-правайдэр «Соло» папярэдзіў сваіх абанентаў «аб недапушчальнасці распаўсюду інфармацыі экстрэмісцкага і іншага супрацьпраўнага зместу».
Адпаведныя апавяшчэнні ад імя дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Івашкевіча 13 траўня атрымалі па электроннай пошце карыстальнікі паслуг кампаніі «Соло».
Паводле ліста, шэрагам дзяржаўных органаў «распрацаваны і прыняты комплекс захадаў, накіраваных на недапушчальнасць распаўсюду ідэй экстрэмізму ў яго разнастайных праявах у моладзевай сферы».
У межах рэалізацыі гэтых захадаў на органы дзяржбяспекі РБ, акрамя іншага, ускладзеная задача «сумеснага (з зацікаўленымі структурамі) кантролю за выкарыстаннем камп’ютарных сетак з мэтай спынення распаўсюду праз іх…супрацьпраўных матэрыялаў».
У лісце гаворыцца, што ініцыявала такое апавяшчэнне ўпраўленне КДБ па Мінску і Мінскай вобласці.
«Мы абавязаныя былі зрабіць такую рассылку. Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведаміў нашай кампаніі і іншым правайдэрам, каб мы апавясцілі ўсіх кліентаў. Сутнасць у тым, каб вы праз Інтэрнет не адпраўлялі парнаграфію, разнастайныя палітычныя здымкі, відэа. Вось такога роду інфармацыя не павінная распаўсюджвацца ад вашага імя», — паведамілі ў тэлефоннай гутарцы супрацоўнікі прадпрыемства «Соло».
Якім чынам будзе ладзіцца кантроль за магчымым распаўсюдам абанентамі экстрэмісцкай інфармацыі, супрацоўнікі правайдэра дакладна патлумачыць не змаглі: «Кантроль будзе весці, я так разумею, не наша кампанія, а якраз КДБ будзе гэта адсочваць. Мы проста абавязаныя вас праінфармаваць».
А з пытаннем, наколькі пры гэтым можа быць парушана канфідэнцыйнасць інтэрнет-карыстальнікаў, наогул перанакіравалі ў КДБ: «Гэтае пытанне вам лепш задаць КДБ, які і займаецца гэтым пытаннем. Кампанія “Соло” не прадастаўляе такой інфармацыі, і ў дамовах з кліентамі гэта прапісана. Калі толькі будзе пісьмовы запыт ад пэўных структур — міліцыі і іншых… У такім выпадку гэта магчыма, па ўзгадненні з кіраўніцтвам».