viasna on patreon

Брэсцкі абласны суд пакінуў бяз зьменаў рашэньне Івацэвіцкага раённага суду, у выніку якога Халадовіча С.М. аштрафавалі на 127 500 рублёў за раздачу 5 асобнікаў афіцыйнай расейскай газэты.

2005 2005-09-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 жніўня 2005 году старшыня Брэсцкага абласнога суду разгледзела надзорную скаргу Халадовіча Станіслава Мікалаевіча і пакінула рашэньне судзьдзі Івацэвіцкага раёна, Аўрусевіча В.С., аб прыцягненьні яго да адміністратыўнай адказнасьці бяз зьменаў.
Сутнасьць справы наступная:
19 чэрвеня 2005 году грамадзянін Халадовіч, які прыехаў да сваякоў у вёску Горталь Івацэвіцкага раёну, раздаў у краме жыхарам вёскі 5 асобнікаў "Новай газета" № 22 (110) за ліпень 2004 году, каб не валяліся. Праз некалькі дзён Халадовіча выклікалі ў Івацэвіцкі райвыканкам і склалі пратакол аб здзейсьненым ім правапарушэньні, прадугледжаным ч.8 арт. 172-1 КаАП РБ – "Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі".
3 жніўня 2005 году Халадовіча С.М. выклікалі ў суд Івацэвіцкага раёну і на аснове складзенага пратаколу вынеслі пакараньне ў памеры 5 базавых велічыняў (127.500 бел./руб.) за распаўсюд перыядычнага выданьня без адмысловага дазволу ўладаў.
Халадовіч С.М., цалкам ня згодны з адпаведным дзеяньнем мясцовых уладаў, зьвярнуўся з надзорнай скаргай да старшыні Брэсцкага абласнога суду, у якой патлумачыў, што "Новая газета", як і сотні іншых газэт, законна зарэгістраваных і выдаваемых у саюзнай дзяржаве, Расейскай Федэрацыі, прывозяцца на тэрыторыю Беларусі і распаўсюджваюцца.
Згодна з Міністэрствам інфармацыі РБ (сайт www.mininform.gov.by), 19 лютага 1998 году ў Менску было падпісанае Пагадненьне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расейскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў галіне друку. З мэтай рэалізацыі дадзенага Пагадненьня штогод падпісваецца адпаведны План мерапрыемстваў органаў дзяржкіраваньня ў галіне інфармацыі дзьвюх краінаў, развіваецца ўзаемакарыснае супрацоўніцтва на ўзроўні суб’ектаў гаспадараньня.
Адпаведна з рашэньнем супольнай калегіі Дзяржкамдруку Расейскай Федэрацыі і Дзяржкамдруку Рэспублікі Беларусь ад 15 лютага 1999 году была адмененая працэдура выдачы дазволаў на распаўсюджваньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь расейскіх друкаваных выданьняў і, адпаведна, беларускіх выданьняў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Такім чынам, сёньня на тэрыторыі Беларусі распаўсюджваецца больш за 4 тысячы расейскіх СМІ, рэтранслююцца расейскія тэлеканалы.
Аднак старшыня Брэсцкага абласнога суду, Т.І. Сучок не знайшоў адпаведнага зарэгістраванага рашэньня сумеснай калегіі саюзных дзяржаваў у Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, а таму палічыла яго не абавязковым для выкананьня, пакінуўшы ў сіле рашэньне Івацэвіцкага суду.
Халадовіч С.М. лічыць прынятыя рашэньні мясцовых судоў беспадстаўнымі і намераны зьвярнуцца з надзорнай скаргай да Старшыні Вярхоўнага Суду РБ, бо міжнародныя пагадненьні ўступаюць у дзеяньне з моманту іх падпісаньня і зьяўляюцца прававымі дакументамі.
У Брэсцкім абласным аддзяленьні Праваабарончага цэнтру "Вясна" таксама лічаць, што вышэйзгаданая выснова старшыні Брэсцкага абласнога суду Т.І. Сучок папірае грамадзянска-прававыя і міжнародныя нормы. Судзьдзя такім чынам сьцьвердзіў, што ў Брэсцкаў вобласьці двухбаковае міжнароднае пагадненьне для выканаўчай і судовай уладаў не зьяўляецца прававым актам дзеля выкананьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства