Беларускае тэлебачанне абвінаваціла польскіх дыпламатаў
Беларускае тэлебачанне абвінаваціла польскіх дыпламатаў у перадачы праз мяжу "Glosu znad Niemna" і навучанні людзей рабіць непарадкі. Гэта можа прывесці да высылкі нашых прадстаўнікоў з Беларусі, -- гаворыцца ва ўплывовым польскім штодзённіку "Gazeta Wyborcza", піша прэс-служба БАЖ.
У праграме "У цэнтры ўвагі" 5 верасьня быў паказаны рэпартаж, у якім польскі генеральны консул у Гродне Анджэй Крэнтоўскі быў абвінавачаны ў перадачы праз мяжу экзэмпляраў "Glosu znad Niemna", надрукаваных у Польшчы. Затым быў абвінавачаны выконваючы абавязкі амбасадара ў Менску Мар'ян Семаковіч у тым, што пад канец жніўня ён прыехаў у Гродна, сабраў сяброў Саюза палякаў Беларусі ў консульстве і тры гадзіны вучыў іх, як арганізоўваць непарадкі ў Ваўкавыску, дзе павінен быў адбыцца з'езд СПБ. Абвінавачванні былі ілюстраваны відэазапісамі з міліцэйскіх камер, якія ўстаноўлены пры польскім консульстве ў Гродне.
Праграма можа паслужыць пачаткам да высылкі з Беларусі іншых польскіх дыпламатаў. Так было ў траўні, калі героем перадачы "У цэнтры ўвагі" быў намеснік амбасадара Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марэк Буцька. Неўзабаве пасля праграмы ўлады ў Менску папрасілі яго пакінуць краіну.