Трое "зуброўцаў" выйшлі на волю
З спэцпрымальніка-разьмеркавальніка 5 верасьня на волю выйшлі трое актывістаў моладзевага руху “Зубр”. Яны адседзелі 10 сутак за пікет на знак салідарнасьці з арыштаванымі грузінскімі партнэрамі Георгіем Кандэлакі і Лукам Цуладзэ. Каля двух дзясяткаў сяброў моладзевага руху “Зубр”, якія ўвесь гэты час клапаціліся аб арыштаваных, перадавалі ім прэсу і прадукты, сустрэлі з кветкамі й шампанскім Натальлю Ўшко, Аляксея Ляўковіча і Аляксандра Курбацкага. Сябры "Зубра" расказалі радыё Свабода пра сваё знаходжаньне за кратамі.
Хлопцы паведамілі, што сустрэлі ў камэры актывістаў “Кмары”. Даведаўшыся пра пікет у іх падтрымку, Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ, былі вельмі ўдзячныя за падтрымку. Натальля Ўшко ўпершыню адбывала арышт у камэры спэцпрымальніка.
Аляксандр Курбацкі, студэнт політэхнічнага каледжу, толькі другі раз удзельнічаў у апазыцыйнай акцыі. Ён распавёў: “У палітычнай акцыі я ўдзельнічаў толькі другі раз, вось ужо й “трапіў”. Сядзець 10 сутак вельмі складана. Гэта не курорт… Ды з такой ежай… Дзякуй маім сябрам за перадачкі, што не забыліся пра мяне. Тут не так ужо і страшна. Можна і 10, і 15 сутак сядзець. Але ўсё роўна, буду ўдзельнічаць у палітычных акцыях, у якіх толькі здолею”.