viasna on patreon

У Празе - саміт Усходняга партнёрства

2009 2009-05-07T11:22:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ushod_partner.jpg

Саміт краін-удзельніц новай праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" адбудзецца сёння ў Празе. Беларусь на ім будуць прадстаўляць першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

 

"Усходняе партнёрства" — польска-шведская ініцыятыва, ухваленая ЕС у чэрвені 2008 года. Яна прадугледжвае ўдзел 27 краін Еўрасаюза і шасці постсавецкіх дзяржаў: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

 

У праекце дэкларацыі, якую плануецца прыняць па выніках пражскага саміта, выказана ўпэўненасць у тым, што Усходняе партнёрства "будзе працаваць на карысць дэмакратычных каштоўнасцей, умацавання стабільнасці і працвітання, прынясе ўстойлівыя і адчувальныя перавагі грамадзянам усіх краін-удзельніц".

 

Адзначаецца, што новая праграма ЕС заснавана на фундаментальных каштоўнасцях — дэмакратыі, вяршэнстве закона, павазе да правоў і свабод, прынцыпах міжнароднага права, рыначнай эканомікі, устойлівага развіцця і дзяржкіравання.

 

Асноўная мэта Усходняга партнёрства — "стварэнне ўмоў для паскарэння палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі ўсходніх партнёраў і ЕС".

 

Для пашырэння двухбаковых адносінаў з краінамі — удзельніцамі ініцыятывы ЕС плануе распрацоўваць пагадненні і праграмы, накіраваныя на стварэнне зон свабоднага гандлю, аблягчэнне візавых умоў, умацаванне энергетычнай бяспекі.

 

У галіне шматбаковага супрацоўніцтва прадугледжаны чатыры тэматычныя платформы: дэмакратызацыя, эканамічная інтэграцыя, энергетычная бяспека, кантакты паміж людзьмі.

 

Дакумент ухваляе ідэю стварэння парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства ("Еўрагняздо") і Форуму грамадзянскай супольнасці.

 

Удзельнікі саміта плануюць звярнуцца да Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, іншых фінансавых структур з просьбай падтрымаць развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў рамках новай праграмы ЕС.

 

23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Бруселі камісар па знешняй палітыцы ЕС Беніта Ферэра-Вальднер заявіла, што Беларусь зможа ўдзельнічаць толькі ў шматбаковых праектах у рамках Усходняга партнёрства, паколькі двухбаковай часткі пакуль не існуе.

 

Пры гэтым еўракамісар нагадала, што "Беларусь сама выказала жаданне збліжацца з ЕС". "Мы адкрытыя і спадзяемся на прагрэс, што мы надалей зможам супрацоўнічаць з уладамі Беларусі", — падкрэсліла яна.

 

Паводле слоў Ферэра-Вальднер, ЕС узаемадзейнічае з беларускімі НДА і СМІ. З афіцыйным Мінскам Еўракамісія пачала кансультацыі ў асобных сферах, такіх як транспарт, энергетыка, змена клімату.

 

Прапанова для Беларусі аб паўнацэнным членстве ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства "застаецца адкрытай, але для гэтага неабходна выканаць пэўныя ўмовы", зазначыла еўракамісар.

 

У кастрычніку 2008 года ЕС назваў пяць умоў у якасці асновы нармалізацыі адносінаў з Беларуссю. Гэта — рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабоды аб'яднанняў, стварэнне ўмоў для дзейнасці НДА, свабода прэсы, зняцце абмежаванняў для свабоды асобы, паведамляе БелаПАН.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства