viasna on patreon

Валер Леванеўскі арганізаваў у калоніі бібліятэку

2005 2005-09-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Івацэвіцкай калёніі №22 адкрылася бібліятэка, стварэньне якой ініцыяваў вязень калёніі, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, паведаміла радыё Свабода. Цяпер у бібліятэчным фондзе каля тысячы кніг, часопісаў і газэт, якія дасылалі людзі з самых розных куткоў Беларусі. Аднак ня ўсё з прапанаванай літаратуры прайшло турэмную цэнзуру.

Змаганьне Валера Леванеўскага за стварэньне бібліятэкі пачалося на пачатку 2005 году. Найбольш складана было атрымаць дазвол адміністрацыі й памяшканьне. Потым Валер Леванеўскі накіраваў з калёніі дзясяткі лістоў з просьбай дасылаць кнігі. Пасылкі ішлі і працягваюць ісьці з усёй Беларусі, але сьпіс атрыманых калёніяй кніг падрабязна вывучае адміністрацыя. Пра гэта паведаміў Уладзімер Леванеўскі, сын палітвязьня, што ў турэмнай бібліятэцы існуе забарона на кнігі, якія ўтрымліваюць мапы, пляны мясцовасьці, а таксама апісаньні тэхналёгіі вырабу зброі, выбуховых рэчываў і прыстасаваньняў. Што да палітычнай цэнзуры, то дазволена перадаваць газэты, якія афіцыйна прадаюцца у шапіках Беларусі.

Апошні раз сын Леванеўскага Ўладзімер сустракаўся з бацькам у калёніі на мінулым тыдні. Разам зь ім у калёнію прыяжджаў Аляксандар Васільеў, гарадзенскі прадпрымальнік, паплечнік Леванеўскага ў страйкаме прадпрымальнікаў — ён нядаўна вызваліўся з аршанскай калёніі, дзе адбыў год. Аляксандар Васільеў спрабуе стварыць грамадзкую арганізацыю дзеля дапамогі вязьням беларускіх турмаў. Паводле яго, неадкладна трэба паляпшаць побытавыя ўмовы і мэдычную дапамогу асуджаным. Дарэчы, Аляксандар Васільеў перакананы, што сярод беларускіх вязьняў “палітычных” значна больш, чым прынята лічыць: “У турмах шмат людзей, якія там нібыта паводле гаспадарчых справаў, а насамрэч за тое, што выказалі незадаволенасьць. Гэта дайшло наверх, і іх з рознымі падставамі туды пасадзілі. Прычым, людзі атрымліваюць вялікія тэрміны — як найменш 6, 10, а то й 12 гадоў. Там шмат добрых людзей”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства