viasna on patreon

У Мінску працуе IV Беларускі інфармацыйны форум

2009 2009-05-06T18:51:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smi_shody.jpg

Офіс АБСЕ ў Мінску і Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ зацікаўлены і гатовы аказваць падтрымку ў вырашэнні пытанняў, звязаных са свабодай слова ў Беларусі.

Аб гэтым заявіла Ганна Карлрайтэр, дарадца Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, падчас свайго выступу на IV Беларускім інфармацыйным форуме.

Форум пачаў сваю працу 6 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы. Удзел у ім бяруць больш за 400 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, пераважна дзяржаўных, а таксама экспертаў, замежных гасцей, прадстаўнікоў дзяржаўных структур.

Ганна Карлсрайтэр выступіла з ацэнкаю сітуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі. У якасці станоўчага моманту спадарыня Карлсрайтэр адзначыла той факт, што пад час прыняцця новага закона «Аб СМІ» былі ўлічаны некаторыя прапановы па змякчэнні пэўных палажэнняў закона. Але ёсць моманты, якія выклікаюць у еўрапейцаў пэўную заклапочанасць, сказала Ганна Карлсрайтэр. «Гэта прадастаўленне ўраду большых правоў па папярэджанню, прыпыненню і спыненню дзейнасці СМІ», – адзначыла прамоўца.

Ганна Карлсрайтэр выказала задавальненне тым фактам, што дзве недзяржаўныя газеты – «Наша ніва» і «Народная воля» – вярнуліся ў сістэму распаўсюду «Саюздруку» і «Белпошты», і выказала спадзяванне, што і астатнія трынаццаць недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў, якія маюць абмежаванні ў распаўсюдзе праз дзяржаўныя сеткі ці, як газета «Товарищ», нават змушаны друкавацца за межамі Беларусі, атрымаюць магчымасць выдавацца і распаўсюджвацца на Радзіме.

Апроч таго, па словах Ганны Карлсрайтэр, застаюцца пытанні з акрэдытацыяй замежных журналістаў, праблемы доступу да афіцыйнай інфармацыі для журналістаў недзяржаўных выданняў, наяўнасць у крымінальным заканадаўстве артыкулаў за абразу і паклёп у дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў, што замінае паўнавартаснай працы журналістаў і нават можа пагражаць ім пазбаўленнем волі.

З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў форуму звярнуліся першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, галава Офіса АБСЕ ў Мінску пасол Ханс-Ёхен Шмідт, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, а таксама першы намеснік выканаўчага сакратара СНД Уладзімір Гаркун.

У той жа дзень перад удзельнікамі форума выступілі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак, пасля чаго пачалася праца тэматычных сесій.

7 мая ўдзельнікі IV Беларускага інфармацыйнага форума ў сталічнай Ратушы сустрэнуцца з кіраўніцтвам Мінскага гарвыканкаму, наведаюць Інстытут журналістыкі БДУ і правядуць шэраг сустрэч на ХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі — 2009».

Арганізатарамі форума з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД, Офіса АБСЕ ў Мінску і Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства