Высновы, зробленыя Варшаўскім дасьледчым цэнтрам: рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца
Па звестках радыё Свабода, Варшаўскі Цэнтар ўсходніх дасьледаваньняў зрабіў высновы: “Усё больш частыя хвалі рэпрэсіяў сьведчаць аб ўзмацненьні аўтарытарных тэндэнцыяў ў Беларусі і рашучасьці Аляксандра Лукашэнкі застацца пры ўладзе”.
Адмыслоўцы дзяржаўнага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, што ў Варшаве, лічаць, што нягледзячы на тое, што да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, ў якіх ізноў будзе балятавацца Аляксандар Лукашэнка, застаўся яшчэ год, улады рыхтуюцца да іх усё больш інтэнсіўна.
“Аляксандар Лукашэнка хоча максымальна ізаляваць Беларусь ад зьнешніх уплываў і зьліквідаваць усе асяродкі патэнцыйнага супраціву. Рэпрэсіі накіраваныя ня толькі супраць палітычных партыяў, але таксама супраць недзяржаўных арганізацыяў і нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў”, – гаворыцца ў матэрыяле экспэрта Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у справах Беларусі Агаты Вяжбоўскай-Мязгі, які зьявіўся на афіцыйнай старонцы гэтай арганізацыі.
Аўтарка адзначае, што нядаўнія папраўкі, якія Лукашэнка ўнёс у свой дэкрэт №460 яшчэ больш абмяжоўваюць і так моцна абмежаваныя магчымасьці замежнай дапамогі беларускім арганізацыям і прыватным асобам – у выніку магчымасьці працы ў межах закону для грамадзкіх арганізацыяў – мінімальныя.
У матэрыяле прыводзяцца прыклады ўціску супраць праяваў грамадзкай незалежнасьці і плюралізму ў Беларусі: допыты і затрыманьні аўтараў інтэрнэт-старонкі, дзе зьмешчаныя сатырычныя мультфільмы пра беларускага кіраўніка, закрыцьцё ўладамі эвангелічнай рэфармацкай царквы, якая існавала ў Беларусі больш за чатыры стагодзьдзі, а таксама пра рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў Беларусі.
“Усё больш частыя хвалі рэпрэсіяў ня толькі супраць палітыкаў і апазыцыйных арганізацыяў, але ўсіх праяваў грамадзкай незалежнасьці і стварэньне для такіх санкцыяў законных падставаў, сьведчаць аб ўзмацненьні аўтарытарных тэндэнцыяў у Беларусі і рашучасьці Аляксандра Лукашэнкі застацца пры ўладзе”, – гаворыцца ў матэрыяле варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў.