Бог любіць троіцу
25 сакавіка адзін з заснавальнікаў Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Наша Вясна" юрыст Уладзімір Лабковіч падаў у МІністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь дакументы на рэгістрацыю. Нягледзячы на працоўны дзень, кабінет аддзелу грамадскіх аб'яднаняў быў зачынены, і дакументы былі аддадзены ў канцэлярыю міністэрства.
Нагадаем, што трэці ўстаноўчы сход заснавальнікаў ГПА "Наша Вясна" прайшоў у Менску 29 сакавіка. На сходзе прысутнічалі 82 прадстаўніка з ўсіх рэгіёнаў Беларусі - праваабаронцы, юрысты, грамадскія актывісты. Удзельнікі сходу прагаласавалі за стварэнне праваабарончай арганізацыі, за яе статут і праграму. Былі абраныя кіручыя органы - Рада ў складзе пяці чалавек, старшыня аб’яднання і Рэвізійная камісія.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, абраны старшынём ГПА “Наша Вясна” Алесь Бяляцкі вялікіх ілюзіяў наконт рашэння Мінюста не мае:
- Напрыканцы сакавіка мы правялі чарговы ўстаноўчы сход грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” і, нягледзячы на адмову нашай скаргі ў Вярхоўным судзе, вырашылі паспрабаваць зарэгістравацца яшчэ раз, прычым асабліва вялікіх ілюзіяў не маючы. Мы выправілі ў дакументах усе тыя коскі і кропкі, на якія нам указаў Мінюст як на памылкі падчас папярэдняй рэгістрацыі, і зараз паглядзім, якія яшчэ прэтэнзіі чыноўнікі нам прад’явяць. Я вялікіх спадзяванняў на рэгістрацыю ня маю, мы вырашылі паспрабаваць у апошні раз у гэтым сезоне атрымаць рэгістрацыю, бо перакананыя, што ў рэгістрацыі неўрадавых аб’яднанняў, праваабарончых арганізацыяў зацікаўлены ня толькі грамадскія актывісты, а і сама дзяржава. Такім чынам, гэта чарговая праверка на спеласць нашых уладаў, наколькі яны гатовыя да адкрытага дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, у прыватнасці з праваабаронцамі.