viasna on patreon

Магілёўскі суд адмовіў незалежнаму прафсаюзу

2009 2009-04-23T15:18:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rep.jpg

22 красавіка Ленінскі суд Магілёва не задаволіў скаргі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін народнай гаспадаркі на неправамерныя дзеяньні гарвыканкаму. Нагодай для суду сталася адмова выканаўчай улады рэгістраваць гарадзкую арганізацыю прафсаюзу. Чыноўнікі сваю пастанову аргумэнтавалі тым, што ў сьпісе выбарных органаў суполкі няма агульных інтарэсаў паводле роду дзейнасьці іх сяброў.

На судзе прававы інспэктар прафсаюзу Аляксандар Каралёў назваў рашэньне гарвыканкаму палітычна матываваным і прасіў суд адмяніць яго, бо яно парушае беларускае заканадаўства й міжнародныя пагадненьні, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.

“Гэта ня першая спроба рэгістрацыі і ня першая адмова. Мы не ўваходзім у фэдэрацыю дзяржаўнага прафсаюзу, таму нас і не рэгіструюць. Мы ня кажам, што будзем бараніць працоўных, мы іх баронім. У складзе нашага прафсаюзу няма ніводнага наймальніка. У наш прафсаюз могуць уступаць ня толькі работнікі радыёэлектроннай прамысловасьці. Гарвыканкам узяў на сябе функцыі Міністэрства юстыцыі і тлумачыць наш статут, як яму хочацца. Чаму ў Горадні, Менску, Рэчыцы, Барысаве прафсаюз рэгіструюць, а ў Магілёве адмаўляюць? Пастанова гарвыканкаму супярэчыць зарэгістраванаму Міністэрствам юстыцыі статуту”, — тлумачыў суду Аляксандар Каралёў.

Прадстаўнікі гарвыканкаму скаргу незалежнага прафсаюзу назвалі неабгрунтаванай і заклікалі судзьдзю Юлію Трапыніну адмовіць у яе задавальненьні.

“Магілёўскі гарвыканкам не займаецца палітыкай, а робіць усё на карысьць людзей. У Магілёве няма прадпрыемстваў радыёэлектроннай прамысловасьці. У пададзеным сьпісе выбарных органаў зь сямі сяброў — толькі адзін работнік гэтай галіны. У нас ёсьць права аналізаваць і вывучаць ваш статут. Утвараючы арганізацыю, вы парушылі галоўны прынцып прафсаюзнага аб’яднаньня — прынцып агульнасьці інтарэсаў паводле роду прафэсійнай дзейнасьці”, — даводзілі суду прадстаўнікі гарвыканкаму.

Судзьдзя Юлія Трапыніна стала на пазыцыю гарвыканкаму і прыняла рашэньне не задавальняць скаргі прафсаюзу, бо ў выбарчых органах сяброў гарадзкой арганізацыі няма агульных інтарэсаў паводле роду дзейнасьці.

Сябры незарэгістраванай арганізацыі прафсаюзу працягнуць у судовым парадку дамагацца адмовы пастановы Ленінскага суду Магілёва й гарвыканкаму. Пра сёньняшні вырак праінфармуюць Міжнародную арганізацыю працы.

Судовыя працэсы, падобныя да сёньняшняга, магілёўскага, павінны неўзабаве адбыцца ў Віцебску й Гомелі. Там гарвыканкамы таксама адмовіліся рэгістраваць гарадзкія арганізацыі прафсаюзу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства