viasna on patreon

Вярхоўны Суд працягвае гуманізацыю практыкі пакарання

2009 2009-04-21T15:44:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddd.jpg

У пастанове Пленуму ВС гаворыцца пра неабходнасць больш актыўнага выкарыстання альтэрнатыўных турэмнаму зняволенню спосабаў пакарання.

Пастанову пленуму Вярхоўнага суда №1 «Аб прызначэнні судамі пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі» можна смела назваць працягам гуманізацыі сістэмы пакарання. Прызнаўшы той факт, што значную колькасць асуджаных у месцах зняволення складаюць асобы, якія здзейснілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, ВС пастанавіў больш шырока ўжываць у дачыненні да такіх парушальнікаў альтэрнатыўныя турэмнаму зняволенню спосабы пакарання — адтэрміноўку выканання прысуду, умоўнае пакаранне, абмежаванне волі, а таксама штрафы. З іншага боку, не варта чакаць палёгкі асобам, якія ўчынілі цяжкае злачынства, рэцыдывістам, тым, хто ўяўляе вялікую небяспеку для грамадства.

У інтэрв’ю «Советской Белорусии» намеснік старшыні ВС Валеры Калінковіч прызнаў, што пазбаўленне волі не з’яўляецца ўніверсальнай мерай папярэджання злачыннасці, што турэмная сістэма, пры ўсіх абмежаваннях, была і застаецца школай злачыннасці, асабліва для моладзі, а пакаранне, нават самае суровае, не вырашае канфлікту ў грамадстве, справакаванана злачынствам. Ня трэба забываць і пра дзяржаўныя выдаткі — каля 4 мільёнаў еўра штомесяц.

 «Мы павінны асцярожна, але няўхільна рыхтаваць грамадства да ўспрымання гэтых рэалій, да ўсведамлення таго, што карай за ўчыненае з’яўляцца не толькі пазбаўленне волі, але і іншыя меры пакарання»

— заявіў В. Калінковіч, спасылаючыся на вопыт краіны ЕС — Латвіі.

Адначасова Адміністрацыя прэзідэнта даслала ў парламент законапраект, які прадугледжвае дапаўненні і змяненні ў некаторых кодэксах, датычныя крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Сярод іншага плануецца дэкрыміналізацыя некаторых злачынстваў, найперш у эканамічнай сферы (ухіленне ад выплаты падаткаў, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

А вось аматарам кіраваць аўто ў нецвярозым стане варта задумацца, бо законапраект прадугледжвае крымінальную адказнасць за паўторнае затрыманне нецвярозага кіроўцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства