Камусьці ўсё ж такі будзе дазволена ўжываць слова "беларускі" і "нацыянальны"
Працягваецца перарэгістрацыя недзяржаўных выданьняў, якія мелі ў назьве словы “беларускі” й “нацыянальны”. У канцы траўня А.Лукашэнка адмысловым указам загадаў перайменаваць і перарэгістраваць такія выданьні. Нядаўна "Белорусский рынок" перайменаваўся ў "Белорусы и рынок".
Цяпер Міністэрства інфармацыі выдала пасьведчаньне аб рэгістрацыі і выданьню “Белгазета”, якое раней мела назву “Белорусская газета”.
Як паведамляе "Інтэрфакс", пакуль не прынятае рашэньне пра назву “Белорусской деловой газеты”. Адзін з варыянтаў назвы на расейскай мове - “БДГ. Большая деловая газета”. Галоўны рэдактар газэты не выключае, што ягонае выданьне можа і не прайсьці перарэгістрацыі.
У той жа ж час міністэрства юстыцыі прапанавала кіраўніку дзяржавы дадатак да гэтага ўказу, у якім даецца сьпіс арганізацыяў і мэдыяў, якім дазволена выкарыстоўваць словы “беларускі” і “нацыянальны” ў сваіх назвах. Якім СМІ будзе дадзены гэты прывілей, пакуль не паведамляецца.