viasna on patreon

Сёння Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку

2009 2009-04-16T18:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які з 8 лютага 2009 году знаходзіцца ў следчым ізалятары па абвінавачванні ў падпале маёмасці, сёння абвясціў галадоўку, паколькі лічыць сябе невінаватым. Па словах адваката Паўла Сапелкі, які прадстаўляе інтэрасы Аўтуховіча, гэта адзіная законная ва ўмовах турмы мера, на якую мог пайсці абвінавачаны, пратэстуючы супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследвання сваёй справы.

 

Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў следчым ізалятары больш за два месяцы, з 8 лютага 2009 году, па абвінавачванні ў падпале маёмасці ў 2005 годзе. Разам з ім па такім жа абвінавачванні арыштаваныя Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка.

 

Як паведаміў Павел Сапелка, яго падабаронны ў сваім рашэнні  зыходзіў з таго, што ў 

злачынстве, у якім яго вінавацяць, ужо было следства, людзі асуджаныя і адбываюць пакаранне, а шкода пацярпелым была кампенсаваная. Тым больш, сваякі абвінавачаных сустракаліся з пацярпелымі і тыя пацвердзілі, што прэтэнзій яны не маюць.

 

М. Аўтуховіч акцэнтуе ўвагу на тым, што на працягу двух месяцаў знаходжання пад вартай з ім не праводзілася ніякіх следчых дзеянняў, ні вочных ставак ні з пацярпелымі, ні са сведкамі абвінавачання, калі такія маюцца. Па словах Мікалая, да яго даходзяць чуткі аб тым, што справа фарміруецца не на доказах, а на асабістых здагадках следства. Дапытваюцца яго знаёмыя, але не па акалічнасцях справы, а з нагоды захоўвання зброі, падрыхтоўкі выбухаў у Гарадзенскай вобласці, знішчэння маёмасці. На некаторых сведкаў аказваецца псіхалагічны ціск, каб яны далі супраць абвінавачаных ілжывыя паказанні.

 

Са студзеня 2008 году да арышту 8 лютага 2009 году Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся дома ў Ваўкавыску пад наглядам міліцыі. За гэты час, па яго сцверджаннях, да яго ні разу не прыйшлі следчыя або ўпаўнаважаныя асобы з якімі бы то ні было пытаннямі адносна злачынства, у якім яго зараз абвінавачваюць.

 

На думку Аўтуховіча, працягваецца траўля яго і яго блізкіх, распачатая ў 2003 годзе і звязаная з яго грамадскай дзейнасцю. Мікалай Аўтуховіч з'яўляецца адным з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні рэспубліканскай грамадскай арганізацыі ветэранаў баявых дзеянняў "Абаронца Айчыны".

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства