Супраць грамадзка-палітычных актывістаў зноў заведзеныя адміністратыўныя справы
31 жніўня актывіст Саюзу палякаў Мечыслаў Яскевіч азнаёміўся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, што была складзеная на яго ваўкавыскай міліцыяй і перададзеная ў мясцовы суд, паведаміла радыё Свабода.
Кіраўнік Гарадзенскага гарадзкога аддзелу СПБ Мечыслаў Яскевіч быў затрыманы ў Ваўкавыску 26 жніўня міліцыянтамі, на яго быў складзены пратакол паводле артыкула 167-2, як на меркаванага арганізатара несанкцыянаванага сходу, які нібыта меў адбыцца 27 жніўня побач з раённым домам культуры падчас паўторнага правядзеньня 6-га зьезду СПБ. Пратрымаўшы спадара Яскевіча больш за суткі ў ізалятары, яго выпусьцілі, як скончыўся зьезд.
У матэрыялах справы фігуруе ананімка, дасланая нібыта ў абласную ўправу ўнутраных справаў. У ёй сьцьвярджаецца, што 27 жніўня актывісты СПБ пры дапамозе палітычных актывістаў з розных беларускіх гарадоў мелі ўчыніць масавыя акцыі, дзеля чаго падрыхтавалі бутэлькі з запальнай сумесьсю, завостраныя мэталічныя пруты і інш.
Паводле Мечыслава Яскевіча, гэтую паперу 26 жніўня пры ім перадаў міліцыянтам чалавек у цывільным, які не назваўся.
Таксама стала вядома, што міліцыянты склалі пратаколы і на мясцовых актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Барадаўкіна і Віталя Гуляка, іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце падчас паўторнага 6-га зьезду СПБ.