viasna on patreon

Міліцыя "не змагла" знайсьці тых, хто зьбіваў Франака Вячорку

2009 2009-04-14T12:32:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/f_viachorka_u_vojsku.jpg
фота svaboda.org

фота svaboda.org

На імя Франака Вячоркі прыйшло паведамленьне, падпісанае С.Бясьсьмертным, намесьнікам начальніка УУС Савецкага раёну Менска. УУС (у арыгінале па-расейску) піша: "Вашая заява разгледжаная. Прынятымі мерамі росшуку высьветліць асобу, якая прычыніла Вам цялесныя пашкоджаньні, ня сталася магчымым. Адміністрацыйны працэс паводле Вашай заявы спынены на падставе ч.1 п.3 арт. 9.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях па сканчэньні тэрмінаў накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня".

 

Нагадаем, што назаўтра пасьля 28 студзеня, калі Ф.Вячорка быў незаконна і гвалтоўна "прызваны" ў войска, вайсковая пракуратура зафіксавала ў яго шматлікія сьляды зьбіцьця. Паводле судовых паказаньняў Франака, яго па дарозе ў ваенкамат і ў самым ваенкамаце на вачох сьведак зьбівалі міліцыянты і людзі ў цывільным, надзявалі яму кайданкі. Аднак Савецкі РУУС аказаўся бясьсільны знайсьці вінаватых.

 

Бацька палітычнага прызыўніка Вінцук Вячорка ацэньвае дзеяньні міліцыянтаў Савецкага РУУС наступным чынам:

 

"Наіўна было б спадзявацца, што яны знойдуць вінаватых. На маіх вачах маёр Ачапоўскі з гэтага РУУС 8 студзеня захопліваў сына ля ваенкамату, каб гвалтам даставіць яго на перапісваньне дыягназаў у вайсковы шпіталь. А камандаваў тады маёрам чалавек у цывільным. Яны ў РУУС добра ўмеюць хіба выконваць загады такіх "цывільных", лавіць іншадумцаў ды арганізоўваць міліцыянтаў-сьведак - накшталт тых, што ў 2007 "сьведчылі", як я "нецэнзурна лаяўся" каля свайго дому ў прысутнасьці малой дачкі. Але прыйдуць іншыя часы, садысты будуць адшуканыя і панясуць кару.

 

Дарэчы, да міліцэйскага адказу дбайна далучаная "Анкета па вывучэньні грамадзкай думкі аб працы органаў унутраных справаў" на дзьвюх старонках. Там ёсьць пытаньне: "Ці задаволеныя Вы вынікамі разгляду Вашай заявы?" - і варыянты адказаў "Так - Не (чаму?)". Я выбіраю варыянт адказу 2.3: "Атрыманая фармальная адпіска". З маім уласным дадаткам: дэманстратыўна цынічная адпіска".

 

5 траўня а 10.00 пад адрасам вул. Азгура, 4 адбудзецца паседжаньне Беларускага вайсковага суду, дзе будзе разглядацца скарга В.Вячоркі на адмову ўзбудзіць крымінальную справу па шматлікіх фактах парушэньня заканадаўства падчас "прызыву" Ф.Вячоркі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства