Партыю БНФ высяляюць зь сядзібы
Партыя БНФ мусіць пакінуць сядзібу на Машэрава, 8 да 8 ліпеня 2009 году. Гэта напісана ў лісьце-прэтэнзіі, атрыманым з ЖЭСу Савецкага раёну г.Менску.
Дырэктар ЖРЭА Н.Н. Хамянок піша, што "Партыя БНФ сыстэматычна парушае ўмовы дамовы: аплата паступае несвоечасова і ня ў поўным аб'ёме, у выніку чаго ўтварылася пазыка ў памеры 6381396 рублёў".
ЖЭС патрабуе ад Партыі БНФ заплаціць пазыку да 17 красавіка 2009 году і вызваліць памяшканьне да 8 ліпеня 2009 году. Дамова на арэнду офісу, паводле ліста, працягвацца ня будзе.
У выпадку невысяленьня да з офісу да 8 ліпеня ЖРЭА зьбіраецца зьвярнуцца ў гаспадарчы суд.
Юрыдычную ацэнку дзеяньняў ЖРЭА дае адказны сакратар Управы Партыі БНФ, юрыст Уладзімер Лабковіч:
"Патрабаваньне ЖРЭА юрыдычна неабгрунтаванае. Мы добрасумленна выконвалі ўмовы дамовы аб арэндзе, нягледзячы на астранамічны пад'ём сумы аплаты для ўсіх партыяў Беларусі.
Такое патрабаваньне ёсьць выключна палітычным актам. Гэта ня толькі спраба зьнішчэньне Партыі БНФ, але і спраба зьнішчыць культавае месца ў Менску, якое, як магніт, прыцягвае ўсіх, каму неабыякавая Беларусь. Вядома, што на былой Варвашэні, 8 адбываюцца канцэрты, імпрэзы, прэзэнтацыі, прэс-канфэрэнцыі, зьезды, паседжаньні, дыскусійныя клюбы. Сядзіба БНФ гуртуе свабодную Беларусь.
Улады ідуць на такі адкрыты крок, не зважаючы на сваю лібэральную рыторыку. Яны паказалі, як далёка гатовыя пайсьці ў справе зьнішчэньня апазыцыі ў Беларусі.
Я думаю, што гэтая падзею атрымае водгук і ў беларускім грамадзтве, і ў Эўропе. Беларускае грамадзтва паставіцца да нас з большай салідарнасьцю, а эўрапейскія палітыкі змогуць больш цьвяроза і крытычна ацаніць паводзіны Лукашэнкі".