viasna on patreon

МЗС не лічыцца з рашэннямі Камітэта па правах чалавека ААН

2009 2009-04-13T17:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mzs_rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які з’яўляецца старшынём Рады ліквідаванага ў 2003 г. Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, атрымаў адказ на свой зварот з Міністэрства замежных справаў. Праваабаронца звяртаўся ў МЗС за тлумачэннямі наконт таго, якія меры былі прынятыя міністэрствам па выкананню Меркавання Камітэта па правах чалавека ААН у сувязі са скасаваннем рэгістрацыі “Вясны”.

 

Нагадаем, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў ліквідаваны паводле рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2003 г. Палічыўшы дадзенае рашэнне Вярхоўнага Суда парушэннем свабоды асацыяцыяў і не знайшоўшы належнай прававой абароны на нацыянальным узроўні, дзесяць заснавальнікаў грамадскага аб’яднання скарысталіся сваім канстытуцыйным правам і звярнуліся з індывідуальным зваротам у Камітэт па правах чалавека ААН.

 

24 ліпеня 2007 г. Камітэт па правах чалавека ААН прыняў Меркаванні па дадзеным індывідуальным звароце (нумар паведамлення 1296/2004 г.). Паводле Меркаванняў Камітэт лічыць, што інфармацыя, якой ён валодае, выявіла парушэнне дзяржавай-удзельніцай артыкула 22 пункта 1 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Камітэт прыйшоў да высновы, што згодна з артыкулам 2 пункт 3 (а) Пакта аўтар і сааўтары маюць права на адпаведныя сродкі прававой абароны, якія ўключаюць у сябе перарэгістрацыю “Вясны” і кампенсацыю.

 

“Беларускі ўрад не выканаў гэтае патрабаванне Камітэта па правах чалавека, нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сябрам ААН. Мы звярнуліся ў МЗС з пытаннем, чаму гэта не было выканана”, - паведаміў Алесь Бяляцкі.

 

Паводле п. 5.11 Палажэння аб міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 31.07.2006 г. № 978, на міністэрства замежных справаў ускладзены абавязак па кантролю за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і аказанні садзейнічання ў выкананні міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з вышэйуказанага А.Бяляцкі ў сваёй заяве прасіў МЗС:

 

 1. прадставіць інфармацыю аб мерах, якія былі прынятыя міністэрствам па выкананню Меркавання Камітэта па правах чалавека ААН (нумар паведамлення 1296/2004 г.) ад 24 ліпеня 2007 г.;

 

2. у межах кампетэнцыі МЗС прыняць меры, скіраваныя на выкананне згаданага Меркавання і міжнародных абавязацельстваў, якія прыняла на сабе Рэспубліка Беларусь, ратыфікаваўшы Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўны Пратакол да яго.

 

Алесь Бяляцкі атрымаў адказ за подпісам першага намесніка міністра замежных справаў І.В. Петрышэнка. Паводле праваабаронцы, самае цікавае ў гэтым лісце сп.Петрышэнка знаходзіцца ў апошнім абзацы, дзе напісана: “што датычыць рэалізацыі абавязкаў Рэспублікі Беларусь па Факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 году улічваецца, у прыватнасці, рэкамендацыйны характар меркаванняў Камітэта па правах чалавека”. 

 

“Такім чынам, МЗС не лічыць рашэнне Камітэта абавязковым да выканання і, на жаль, не збіраецца яго выконваць. На маю думку, гэта з’яўляецца яўным актам непавагі з боку беларускага ўрада да такой установы, якой з’яўляецца ААН”, - зрабіў выснову А.Бяляцкі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства