БАЖ: Год таму адбыліся масавыя ператрусы ў незалежных журналістаў
27 і 28 сакавіка 2008 года супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў шэрагу рэдакцый замежных СМІ, офісах недзяржаўных арганізацый, а таксама прыватных кватэрах журналістаў па ўсёй Беларусі.
Усе ператрусы праводзіліся на падставе «даручэння» тагачаснага намесніка пракурора г. Мінска Аляксея Стука першаму намесніку старшыні КДБ генерал-маёру Вегеру В.П. У дакуменце былі пералічаныя прозвішчы 17 чалавек, якія, па аператыўных звестках, нібыта з’яўляюцца супрацоўнікамі тэлеканала «Белсат». Акрамя гэтага, у «даручэнні» паведамлялася, што ператрусы трэба правесці таксама ў «іншых актывістаў радыкальных палітызаваных груповак».
Як патлумачыў у пазнейшай перапісцы з БАЖ начальнік следчага аддзела пракуратуры Мінска Сяргей Іваноў, ператрусы ладзіліся ў межах папярэдняга расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта (ч.1 арт. 367 КК РБ) у дачыненні да грамадзян А. Мініча, П. Марозава і А.Абозава. (Справа была ўзбуджана ў жніўні 2005 г. пракуратурай г. Мінска па факце распаўсюд у Інтэрнеце сатырычных мультфільмаў. Пасля ператрусу і вымання камп’ютэраў у згаданых асобаў тыя з’ехалі за мяжу).
Між тым, каментар начальніцы ўпраўлення інфармацыі Міністэрства замежных спраў Марыі Ваньшынай з нагоды ператрусаў змусіў задумацца пра іншыя падставы для іх правядзення. На брыфінгу ў МЗС 27 сакавіка спн. Ваньшына заявіла, што ўсе журналісты і рэдакцыі, у якіх быў праведзены ператрус, працавалі ў Беларусі без акрэдытацыі. «Таму цалкам лагічна, што дадзенай сітуацыяй цяпер займаюцца адпаведныя структуры Рэспублікі Беларусь», — зазначыла яна.
Самі журналісты неаднаразова падкрэслівалі, што «мультыплікацыйная» справа была толькі нагодай для «рэйду» спецслужбаў, які насамрэч меў на мэце запалохванне супрацоўнікаў СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь з суседніх краін.
Што ж змянілася з таго часу? Ці адчуваюць журналісты сябе ў большай бяспецы зараз у параўнанні з мінулым годам?
Па-першае, змяніліся пасады некаторых фігурантаў леташняй справы. Напрыклад, Аляксей Стук цяпер з’яўляецца намеснікам Генеральнага пракурора РБ. У прэс-службе пракуратуры г. Мінска прэс-службе БАЖ паведамілі, што справа «аб мультфільмах» па-ранейшаму знаходзіцца ў следчым аддзеле сталічнай пракуратуры і цяпер прыпыненая, бо яе фігуранты хаваюцца ад следства. На пытанне, ці прынёс следству хоць які плён мінулагодні «рэйд», у пракуратуры адказалі, што, пакуль справа не дойдзе да суда, такой інфармацыі ніхто не дасць.
Не надта змянілася і сітуацыя з акрэдытацыяй. Днямі Марыя Ваньшына паведаміла прэс-службе БАЖ, што ніхто з супрацоўнікаў «Еўрапейскага радыё для Беларусі», Радыё «Рацыя» ці «Белсату» за год не быў акрэдытаваны. (Як паведамляў БАЖ раней, некалькі супрацоўнікаў «Еўрарадыё» і Радыё «Рацыя» звярталіся па акрэдытацыю і атрымалі адмову. «Белсат» падаў дакументы на рэгістрацыю прадстаўніцтва, але МЗС вярнула іх на дапрацоўку). На пытанне, ці лічыць спн. Ваньшына адсутнасць акрэдытацыі нагодай для правядзення ператрусаў, яна заявіла, што «ператрусы — гэта не да МЗС».
«За гэты год, я лічу, не адбылося ніякіх станоўчых зменаў, — лічыць Эдуард Мельнікаў, каардынатар дзейнасці «Белсата» ў Беларусі, у кватэры якога таксама правялі ператрус 27 сакавіка. — Нават з’явілася больш заканадаўчых падставаў для жорсткіх захадаў у дачыненні да журналістаў. З-за сённяшніх спробаў наладзіць стасункі паміж Еўразвязам і Беларуссю далёка не ўсе з іх прымяняюцца. Але крый Божа, калі што зменіцца — адразу ўсё будзе як раней. Ва ўсім дэмакратычным свеце акрэдытацыя закліканая садзейнічаць журналістам у атрыманні інфармацыі. А ў нас яна, наадварот, робіцца перашкодай.
Досвед «Еўрапейскага радыё для Беларусі» толькі пацвярджае гэтую выснову. «Мы хацелі акрэдытаваць свайго карэспандэнта, але нам было адмоўлена на падставе таго, што ён ўжо нібыта працаваў да гэтага без акрэдытацыі, — распавёў БАЖ Дзмітрый Новікаў, кіраўнік праекта „Еўрапейскае радыё для Беларусі“. — Між тым, на самай справе гэты журналіст да таго, як накіраваць заяўку на акрэдытацыю, наогул не супрацоўнічаў з замежнымі СМІ».
Усяго за 27–28 сакавіка 2008 года (з улікам журналістаў, якія знаходзіліся ў офісах, дзе ладзіліся ператрусы, і былі часова затрыманыя ці падвергнуліся іншаму ўціску з боку сілавікоў) пацярпелі больш за 25 прадстаўнікоў прэсы. Бадай ва ўсіх іх спецслужбы забіралі носьбіты інфармацыі. На сённяшні дзень рэчы аддалі ўсім журналістам, хаця некаторым давялося напісаць для гэтага дзесяткі лістоў.
Увесну 2008 г. ГА «БАЖ» двойчы звярталася да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Арганізацыя настойвала на «ўзнаўленні законнасці, вяртанні адабранай маёмасці, а таксама на абароне правоў і законных інтарэсаў журналістаў». Копіі звароту былі накіраваныя ў пракуратуру г. Мінска і кіраўніку беларускага КДБ Юрыю Жадобіну.
КДБ не адказаў на запыт БАЖ. Генеральны пракурор перанакіраваў зварот у сталічную пракуратуру, якая заявіла, што ператрусы ў кватэрах незалежных журналістаў 27 і 28 сакавіка «былі праведзеныя абгрунтавана і ў адпаведнасці з законам».