Суд адмовіў Франаку Вячорку
Менскі міжгарнізонны вайсковы 23 сакавіка суд адмовіўся прызнаць незаконнымі дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыву ў войска Франка Вячоркі. Нагадаем, 16 студзеня ў палату вайсковага шпіталя, дзе Франак праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, уварваліся людзі ў цывільным. Яны зьбілі хлопца й адвезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што праз паўгадзіны завязуць у войска.
Франак запатрабаваў даць яму час, каб зьняць пабоі і зьвярнуцца ў суд на дзеяньні вайскоўцаў, якія незаконна пазбавілі волі й самавольна спынілі мэдычнае абсьледаваньне.
Пазьней суд спыніў прызыў, але праз два тыдні Франка Вячорку затрымалі міліцыянты, якімі зноў камандавалі людзі ў цывільным. Яго адвезьлі ў ваенкамат, там зьбілі й адтуль у кайданках адвезьлі ў вайсковую частку ў Баранавічах.
Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала пабоі. Бацька Франка, Вінцук Вячорка, зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што Франак празь некалькі дзён пасьля прыняцьця прысягі трапіў у шпіталь з павышанным ціскам. У судзе прагучаў аргумэнт пра тое, што нават калі й быў завочны прысуд, ён усё роўна не ўступіў у сілу, таму гвалтоўны прызыў ёсьць парушэньнем заканадаўства.
Вінцук Вячорка паведаміў, што ў судзе высьветліліся новыя акалічнасьці справы. У матэрыялах справы ёсьць сьведчаньні, што Франка сапраўды зьбілі людзі ў цывільным. Вайсковы камісар сказаў у судзе, што гэта былі людзі, якія працуюць у войску. Таму Вінцук Вячорка запатрабаваў высьветліць іхнія прозьвішчы й прыцягнуць да адказнасьці. Калі гэтыя людзі самі ня ўдзельнічалі ў зьбіцьці, то яны дапусьцілі зьбіцьцё прызыўніка ў ваенкамаце.
Вайсковы камісар Алег Загурскі сказаў, што яны дзейнічалі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Вайсковы пракурор заклікаў адмовіць у скарзе, бо, на ягоную думку, не былі парушаныя ніякія нормы. Што тычыцца пабояў, то гэтае пытаньне засталося без адказу.